Інвэнтары

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Інвэнтары ў Беларусі і Літве (ад лац. inventarium ― вопіс) ― вопісы шляхецкіх уладаньняў XVIXVIII стагодзьдзяў. Найважнейшая крыніца па гісторыі маёмасных і аграрных адносінаў у Эўропе. Падзяляюцца на поўныя і кароткія.

Поўныя інвэнтары

Звычайна складаліся з трох частак. Першая частка ўтрымлівала зьвесткі пра ўсе сядзібныя пабудовы, іх пляніроўцы; далей ішлі зьвесткі пра маёмасьць, даходы і крыніцы даходаў.

Другая частка ўтрымлівала зьвесткі пра воласьці з пазначэньнем вуліц гарадоў, мястэчак і вёсак, якія ўваходзілі ў шляхецкае ўладаньне. Падаваліся зьвесткі па кожным двары, па прысядзібных участках, колькасьці ворыўнай зямлі, колькасьці сенажацяў. У XVI — першай палове XVII стагодзьдзяў інвэнтары валасьцей вяліся па валоках, а дзе ня дзейнічала «Устава на валокі» ― па службах. У аснове «Ўставы на валокі» ляжаў абмер зямлі на стандартныя зямельныя ўчасткі ― валокі, якія станавіліся адзінкай абкладаньня павіннасьцямі (служба ― зямельны ўчастак, які знаходзіўся ва ўладаньні двух і болей дымоў). Пры кожнай валоцы пазначаліся пайменна ўсе сяляне, якія карысталіся яе доляй. У другой палове XVII—XVIII стагодзьдзяў праводзілася павалочна-падворныя інвэнтары, дзе ўжо ўлічваліся і сялянскія двары ― дымы[1].

У трэцяй частцы пералічваліся ўсе віды шляхецкіх павіннасьцяў, падаткі, іх памер і тэрміны выплат, умовы земле- і лесакарыстаньня.

У апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя інвэнтары ўжо давалі апісаньне кожнага двара, падзелаў і ўгодзьдзяў; уносіліся сямейнікі гаспадара з пазначэньнем узросту, часам ― батракі, пералічвалася скаціна.

Кароткія інвэнтары

Кароткія інвэнтары былі двух відаў. Першыя ўтрымлівалі інфармацыю пра шляхецкую гаспадарку ці пра воласьць.

Другія — берчакі ― пералічвалі сялянскую гаспадарку з пазнакай падзелу і чыншу (натуральнага і грашовага).

Кароткія інвэнтары праводзіліся па загадзе буйных шляхецкіх землеўладальнікаў для вызначэньня ўзаемаадносінаў зь іншымі землеўладальнікамі і насельніцтвам.

Крыніцы

  1. ^ Козловский П. Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. ― Мн., 1974.(рас.)
The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.