Аграгарадок

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Аграгарадок — назва паселішча з водазабесьпячэньнем, вуліцамі зь цьвёрдым дарожным пакрыцьцём, падвозам да раённых і абласнога цэнтраў, установамі абслугі асабістых падсобных гаспадарак насельніцтва ды ўстановамі культуры[1] згодна з афіцыйнай беларускамоўнай клясыфікацыяй РБ.

Назва

Нэалягізм «аграгарадок» (рас. агрогородок) зьявіўся ў расейскай мове прыкладна ў 1970-я гады (часы кіраваньня Брэжнева) і ад пачатку азначаў «добраўпарадкаваны пасёлак гарадзкога тыпу (на тэрыторыі саўгасу, калгасу)»[2]. Беларускія слоўнікі, выдадзеныя да 2000-х гадоў, не фіксуюць гэтага слова (ТСБМ пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы падае толькі «аграгорад»). Увогуле, мескія паселішчы на тэрыторыі Беларусі гістарычна ня мелі такога статусу, як «гарадок». Існавалі толькі месты і мястэчкі[3], а ўласныя назвы Гарадок, Давыд-Гарадок, Кажан-Гарадок і іншыя сьведчаць пра наяўнасьць за часамі Вялікага Княства Літоўскага ў адпаведных паселішчах невялікіх замкаў («гарадоў»).

Паняцьце «аграгарадок» пачало масава ўжывацца ў сучаснай Беларусі з прыняцьцем «Дзяржаўнай праграмы адраджэньня і разьвіцьця сяла на 2005—2010 гады». Паводле А. Лукашэнкі, менавіта ён прапанаваў выкарыстоўваць гэтую назву з наступных прычынаў[4]:

Чаму я іх прапанаваў так назваць. Ведаеце такі пашыраны выраз: «Эй ты, колхоз, деревня»? Мы ўсе з вамі зь сяла выйшлі, таму што гарады спалілі за дзьве апошнія войны і ўвесь Менск фармаваўся сельскімі жыхарамі ў свой час, асабліва пасьля вайны. Так давайце нашым дзецям, якія жывуць у вёсках, нашым людзям, якія яшчэ засталіся, створым больш-менш нармальныя ўмовы і псыхалягічна выведзем іх з гэтага. Я сам памятаю, калі я прыехаў студэнтам ва ўнівэрсытэт, я там выпадкова апынуўся, усе дзеці начальнікаў былі і з гарадоў. Я пачуваўся нязручна. Цяпер я, вядома, гэтага комплексу ня маю. Так, я вясковы чалавек і ня бачу ў гэтым нічога дрэннага. Але тады мне было неяк не па сабе, псыхалягічна. Таму я разумею цяперашнюю сельскую моладзь (…)

Агульная характарыстыка

Аграгарадок, вуліца

Згодна з афіцыйным азначэньнем[5], аграгарадкі — гэта «добраўпарадкаваныя населеныя пункты, у якіх створаная вытворчая і сацыяльная інфраструктура для забесьпячэньня сацыяльных стандартаў насельніцтва, што пражывае ў іх і на прылеглай тэрыторыі». Тым часам вёскі (ідэнтычна пасёлкам) азначаюцца як «населеныя пункты, у якіх створаная адпаведная вытворчая і сацыяльная інфраструктура, не аднесеныя да аграгарадкоў».

Сярод асноўных характарыстык аграгарадкоў дэкляруецца:

Аграгарадок, дзіцячая пляцоўка
  • цэнтральнае і лякальнае водазабесьпячэньне (халоднае і гарачае), у тым ліку для пажаратушэньня;
  • цэнтральнае газазабесьпячэньне (або разьвіцьцё сыстэмаў забесьпячэньня звадкаваным газам калектыўнага карыстаньня);
  • вуліцы зь цьвёрдым дарожным пакрыцьцём;
  • сетка дарог, якія злучаюць яго з населенымі пунктамі ў зоне абслугоўваньня;
  • пасажырскае транспартнае злучэньне з раённым і абласным цэнтрамі;
  • аб’екты тэлефоннай сувязі на аснове стацыянарных і мабільных сыстэмаў сувязі;
  • гандлёва-закупныя аб’екты спажывецкай каапэрацыі;
  • філіі раённых прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнага абслугоўваньня;
  • структуры па абслугоўваньні асабістых дапаможных гаспадарак насельніцтва;
  • дашкольныя ўстановы і школы;
  • спартовыя аб’екты і збудаваньні, арганізацыі экалягічнага турызму, паляўнічыя гаспадаркі;
  • амбуляторыі лекара агульнай практыкі;
  • пажарныя аварыйна-выратавальныя дэпо і пасты;
  • аб’екты прыдарожнага сэрвіснага абслугоўваньня (грамадзкага харчаваньня, аўтамабільнага сэрвісу, аўтазаправачныя станцыі, гатэлі);
  • установы культуры (дамы культуры, клюбы, бібліятэкі і г. д.), цэнтры традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў;
  • юрыдычныя паслугі насельніцтву, у тым ліку натарыяльныя.

Статус «аграгарадку» атрымліваюць існыя населеныя пункты, пераважна вёскі (першая — Езеры Чэрыкаўскага раёну Магілёўскай вобласьці). На 27 траўня 2011 году ў Беларусі налічвалася 1481 аграгарадкоў.

Сярод найбольш прыярытэтных задачаў разьвіцьця аграгарадкоў А. Лукашэнка бачыць наступнае[4]:

Аграгарадок гэта ж ня проста назва. Гэта вуліца, гэта ўся інфраструктура, гэта гандаль, гэта сацыяльная сфэра. Гэта ўрэшце трэба ісьці да таго, каб там была хоць бы ўвечары цёплая вада, каб даярка ці сьвінарка, адпрацаваўшы на фэрме, прыйшла дахаты, маладая дзяўчына ці жанчына да мужыка ў пасьцель клалася памытай. Бо я гэта ўсё бачыў на свае вочы, працуючы ў сельскай гаспадарцы.

6 кастрычніка 2011 году зьявілася інфармацыя, што ў Беларусі можа зьявіцца таджыцкі аграгарадок[6].

Крытыка

Чалец-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка крытычна ацэньваў праект пабудовы аграгарадкоў:

« Пераўтварылі аграрную праблему ў кармушку для тых, хто імкнецца пагрэць рукі на гэтым. У мяне ёсьць інфармацыя, што адзін домік у аграгарадку каштуе столькі, як катэдж на беразе Менскага мора. Марнуюць грошы. Без дакумэнтаў будуюць. Разьлік робіцца па факту. Такога ж ніколі яшчэ не было! Колькі скажуць, столькі і бяруць. Акрамя таго, ствараюць сацыяльную праблему. Тыя зь вяскоўцаў, якія працавалі ўсё жыцьцё, а таксама іх дзеці, нічога не атрымліваюць. Затое нейкія прыблуды перакаці-поле, якія ня хочуць і ня будуць працаваць, перавернуцца ў вёсцы, згадзяць гэтае жытло і зьедуць. »

Эканаміст Іван Нікітчанка адзначае эканамічную немэтазгоднасьць аграгарадкоў[7]:

« Не апраўдаліся й ніколі не апраўдаюцца. Адзін заход ужо быў у 70-я гады, калі пачалі будавацца прамысловыя комплексы, буйныя фермы. Былі пабудаваныя аграгарадкі. Калі адбыўся завал сельскай гаспадаркі, аграгарадкі прыйшлі ў заняпад. Драўляныя шчыты навокал стаяць, там ніхто не жыве. І ў цяперашнія не ўдалося перасяліць людзей, як плянавалі. Няма школаў, няма дзіцячых садкоў. Ды й дзяцей там няма. Там жывуць людзі бяз каранёў, прыехалі, паехалі... »

Сяргей Сідорскі, прэм’ер-міністар Беларусі ў 2008 годзе, таксама выказваў сумненьні на конт рэнтабэльнасьці прадукцыі, якую ствараюць гаспадаркі ў аграгарадках, а таксама крытыкаваў прынцып разьмеркаваньня сродкаў на будаваньне дамоў, з-за чаго шмат жытла апыняецца без жыльцоў[8].

Эколяг Валеры Дранчук зьвяртае ўвагу на наступны аспэкт праблемы, якую ствараюць штучныя для вясковага асяродзьдзя аграгарадкі:

« Вынішчаецца каранёвы пляст матэрыяльнай беларускай культуры. Старыя пабудовы разбураюцца, як сьмецьце. Асабліва ў параўнаньні з аграгарадкамі. Растуць гарадкі й пад нож бульдозэра ідуць «рарытэты». Гэта і частка матэрыяльнай культуры, і частка экалёгіі. Мы ж зьбіраемся разьвіваць экатурызм! Але ўжо ня будзе й рэштак сапраўднай беларушчыны. »

Існуюць зьвесткі, што пры правядзеньні будаўнічых працаў у традыцыйных вёсках і мястэчках дзеля наданьня ім афіцыйнага статусу «аграгарадок» мела месца зьнішчэньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў (Гальшаны[9]), помнікаў прыроды і садова-паркавага мастацтва (Двор Залесьсе[10]), традыцыйнай гістарычнай забудовы (Празарокі[11]), закрыцьцё музэяў (Маслакі[12]). Сустракаюцца і іншыя крытычныя водгукі[13][14].

Паводле зьвестак КДК РБ, на травень 2012 году толькі ў Менскай вобласьці парожнімі стаялі 72 дамы, збудаваныя ў сельскай мясцовасьці згодна зь дзяржаўнай праграмай. Апроч таго, КДК выявіў масавыя парушэньні ў аграгарадках Гарадзенскай вобласьці, сярод іх — закрыцьцё школаў і дзіцячых садкоў, дрэнная якасьць будынкаў, адсутнасьць аб’ектаў культурна-забаўляльнага характару[15].

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ Жана Шчарбініна (29 лістапада 2011) Жыцьцё ў Аўсянцы гарадзкое. Партал пра Горацкі, Дрыбінскі і Мсьціслаўскі раёны. Праверана 18 лютага 2012 г.
  2. ^ Словарь новых слов русского языка (середина 50-х — середина 80-х) / Под ред. Н. З. Котеловой. — СПб.: Институт лингвистических исследований Российской Академии наук, 1995. С. 36.
  3. ^ Вінцук Вячорка, «Савушка» і «бабушка». Беларускія малочнікі баяцца беларускае мовы, Радыё Свабода, 29 студзеня 2017 г.
  4. ^ а б Прэс-канфэрэнцыя А. Лукашэнкі беларускім СМІ, 17 чэрвеня 2011 г.
  5. ^ Закон Республики Беларусь «Об административно-территориальном делении и порядке решения вопросов административно-территориального устройства Республики Беларусь» от 2 июля 2009 г. № 31-З.
  6. ^ У Беларусі можа з’явіцца таджыкскі аграгарадок // БелТА, 6 кастрычніка 2011 г.
  7. ^ Вёскі ў заняпадзе, аграгарадкі таксама // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 6 ліпеня 2008 г.
  8. ^ Ігар Шчучэнка Аграгарадкі: сёлета іх пабольшае на 271 // Звязда.
  9. ^ Аграгарадок замест габрэйскага банку // «Наша Ніва», 23 жніўня 2006 г.
  10. ^ Парк-помнік пілуюць на дровы // «Наша Ніва», 11 жніўня 2009 г.
  11. ^ Аграгародак у Празароках зьнішчыць традыцыйную забудову мястэчка // «Наша Ніва», 22 жніўня 2007 г.
  12. ^ Магілёўшчына: музэй зьнішчылі дзеля эканоміі // «Радыё Свабода», 26 траўня 2008.
  13. ^ Аграгарадок як беларуская фішка // «Радыё Рацыя» 28 верасьня, 2010 г.
  14. ^ Яны і... астатнія // «Народная Воля», 13 ліпеня 2010 г.
  15. ^ На Міншчыне пустуюць 72 пабудаваныя па дзяржпраграме дамы // «Telegraf.by», 15 траўня 2012.
The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.