Антон Борык

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Антон Борык
Anton Boryk.jpg
Род дзейнасьці вайсковец, палітык
Дата нараджэньня 7 ліпеня 1894
Месца нараджэньня Сьвілы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці пасьля 1939

Анто́н Бо́рык (7 ліпеня 1894[a], в. Сьвілы, цяпер Воранаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь[1][b] — пасьля 1939) — беларускі палітычны і вайсковы дзяяч. Удзельнік Першай сусьветнай вайны. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну. Капітан.

Біяграфія

Пашпарт БНР Антона Борыка, 1918 год
Сьцяг Першага Слуцкага палка. Вільня, 1921. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык

З 1917 году працягваў службу ў польскіх легіёнах Доўбар-Мусьніцкага. У 1918 годзе пакідае вайсковую службу і пераяжджае ў Вільню. Уваходзіць у склад Віленскай беларускай рады. Ён адзін з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Горадні. Уваходзіць у беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

У канцы сакавіка 1919 году ў гарадзенскім клюбе «Беларуская хатка» на ўрачыстай вячэры ў гонар беларускага ўраду ўзьняў тост: «Няхай жыве Беларусь з Польшчай!», падтрыманы некаторымі прысутнымі[2].

Першы афіцыйны пасланьнік БНР у Нямеччыне. 23 сакавіка 1919 году прыбыў у Бэрлін з Горадні як кіраўнік Беларускай вайсковай місіі па справах ваеннапалонных. Напачатку красавіка Борык наладзіў сувязь зь Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных. Распачаў працу сярод беларусаў-вайскоўцаў. Дапамагаў яму ў працы генэрал Кіпрыян Кандратовіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі БНР на Парыскую мірную канфэрэнцыю[3]. 30 чэрвеня 1919 году разам з Кузьмом Цярэшчанкам заклаў «Аддзел збліжэньня палоненых беларусаў у Нямеччыне з родным краем».

Увесну 1920 году Борык знаходзіўся ў Рызе. Нечакана выявілася, што ён мае два пашпарты: беларускі пад № 29 ад 29 студзеня 1920 году і расейскі пад № 285 ад 13 красавіка 1920 году, які выдала расейская дэлегацыя ў Бэрліне. Беларусы абвінавацілі яго ў здрадзе. Борык заявіў, што ня лічыць сябе ні беларускім, ні расейскім грамадзянінам…[4].

Да лета 1920 году працуе выканаўчым дырэктарам бэрлінскай фірмы «Сындыкат Сапегі для Эўропы і Азіі ў Беларусі»», уласьнікам якой быў Станіслаў Леў Сапега-Ваявода і які пэўны час дапамагаў БНР грашыма[3]. Знаходзячыся ў Нямеччыне, перадаваў грошы і сродкі беларускім школам. У сярэдзіне лета 1920 году зьяжджае з Бэрліна ў Латвію. Пасьля едзе ў Горадню на запрашэньне беларускіх вайскоўцаў. Узначальвае агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі ў Лодзі.

У канцы лістапада на чале з Кузьмом Цярэшчанкам прыбыў у званьні капітана з Лодзі ў Семежава для ўдзелу ў Слуцкім збройным чыне (разам зь ім прыбылі яшчэ 3 афіцэры з 12 пасланых — капітаны Андрэй Якубецкі, Антон Сокал-Кутылоўскі, паручнік Тодар Янушэнка). Прымаў удзел у Слуцкім Збройным чыне, ўзначальваў штаб 1-й Слуцкай брыгады. Быў праціўнікам супольных дзеяньняў з атрадамі Станіслава Булак-Балаховіча. Падаваў нататкі пра паўстаньне ў газэты «Наша думка» і «Беларускае слова».

Разам з прыхільнікамі генэрала Булак-Балаховіча — Хведашчэням, Арсенем Паўлюкевічам і паручнікам Мацелі, Борык (магчыма зьмяніў адносіны да Булаховіча, пасьля адхіленьня ад пасады шэфа штаба Слуцкай брыгады), адступіў з Морача, апошняга апорнага пункту случчакоў, у Давыд-Гарадок. Тамака паўстанцы і балахоўцы, якія да іх далучыліся, былі абяззброеные палякамі[5].

Пасьля заканчэньня паўстаньня — у Латвіі, пасьля ў Коўне, Вільні, Варшаве. У апошняй быў адным з арганізатараў Таварыства беларускай школы.

У канцы 30-х жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Зьвесткі губляюцца з пачаткам Другой сусьветнай вайны. Лічыцца, што згінуў напачатку 40-х[6].

Заўвагі

  1. ^ Подле іншых зьвестак — 1897 г.
  2. ^ Часам месцам нараджэньня пазначаецца вёска Сынкоўцы, цяпер Падляскае ваяводзтва. Аднак месца нараджэньня ў Сьвілах вынікае зь ягоных вйсковых эвідэнцыйных картак, якія захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве Варшавы[1].

Крыніцы

  1. ^ а б Латышонак 2014. С. 359.
  2. ^ Андрэй Чарнякевіч. Паліто за чатыры мільёны // Наша Ніва №10, 2007
  3. ^ а б Уладзімір Сакалоўскі. Беларуская місія ў Берліне // Новы Час 28 сакавіка 2009
  4. ^ А. М. Чарнякевіч. Уплыў працэсаў урбанізацыі на развіццё беларускага нацыянальнага руху ў Гродне (1918—1939) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007.
  5. ^ Алег Латышонак. Цімафей Хведашчэня — атаман і настаўнік // «Пагоня» 25.11.2008 г.
  6. ^ Сяргей Чыгрын. Зь беластоцкай зямлі. — Беласток: Offset Print, 2009. С. 20

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg Антон Борыксховішча мультымэдыйных матэрыялаў

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.