Геаграфія Беларускай Народнай Рэспублікі

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мапа тэрытарыяльных прэтэнзіяў БНР, 1918 год

Геаґра́фія Белару́скае Народнае Рэспу́блікі — сукупнасьць геаґрафічных парамэтраў тэрыторыі, якая была абвешчана Радай БНР як тэрыторыя незалежнае беларускае дзяржавы[1]. Праз шэраг цяжкіх геапалітычных умоваў Першае сусьветнае вайны і пазьнейшых палітычных зьмяненьняў на абвешчанай тэрыторыі, а таксама з нагоды адсутнасьці шырокага дыпляматычнага прызнаньня Ўраду БНР, гэтая палітычная структура ня здолела ў патрэбным аб’ёме кантраляваць тэрыторыю, якая была абвешчана як тэрыторыя Беларускае Народнае Рэспублікі.

Перадумовы

Перадумовы ўтварэньня і пачатку гістарычнага шляху БНР пачынаюцца з кастрычніка і лістапада 1917 году, у сувязі з захопам улады бальшавікамі. Прыкладна празь месяц былі створаны адпаведныя органы, якія ставілі сваёй мэтай атрыманьне ўлады ў г. зв. Заходняй вобласьці. Але раней да гэтага, у ліпені гэтага ж году Беларускай Сацыялістычнай Грамадой быў выказаны намер патрабаваньня шырокае аўтаноміі ў складзе тагачаснай Расеі.

Празь месяц, 9 сьнежня, паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай пачаліся спробы перамоваў, у выніку якіх быў падпісаны Берасьцейскі мір і пад уладу Нямеччыны пераходзіў шэраг заходніх губэрняў колішняе Расейскае імпэрыі, у тым ліку і заходнія губэрні г. зв. Паўночна-Заходняга краю. У выніку гэтага вызначаная частка тэрыторыі заходняе Беларусі і Падляшша (Гарадзеншчына, Беласточчына і г. д.) увайшлі ў г. зв. Ober Ost — часовую адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку Нямеччыны, якой падпарадкоўвалася тэрыторыя сучаснае Летувы (за выключэньнем Клайпеды), Гарадзенскае губэрні, а таксама Курляндыі (паўднёвая частка сучаснае Латвіі). У гэтых цяжкіх умовах быў сфармаваны Народны Сакратарыят БНР і выканаўчы камітэт Усебеларускага кангрэсу, якія потым абвесьцілі Беларускую Народную Рэспубліку.

Трэба адзначыць, што паводле ўмоваў Берасьцейскага міру за Ўкраінай афіцыйна замацоўвалася Берасьцейшчына і паўднёвае Падляшша[2]. Але з-за цяжкіх ваенных умоваў кайзэраўская Нямеччына не дала магчымасьці Ўкраіне кантраляваць Берасьце (у прыватнасьці, украінская адміністрацыя зямлі Падляшша, у якую, паводле плянаў ураду УНР мела ўвайсьці Берасьцейшчына, так і ня здолела арґанізаваць на Берасьцейшчыне дзейнасьць сваёй адміністрацыі). Таксама ўрад УНР прэтэндаваў на паўднёвы ўсход сучаснае Гомельскае вобласьці (паводле тагачаснае тэрміналёґіі адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу УНР «Дрыгавіцкая зямля»). Па аналёґіі зь Берасьцейшчынай, урад УНР не атрымаў фактычнае магчымасьці замацаваць за сабою гэты рэґіён.

Тэрытарыяльныя патрабаваньні Ўраду БНР

«Этнаграфічная мапа беларускага племені», на якой адзначаны межы расьсяленьня беларускага этнасу (прафэсар Я. Ф. Карскі, 1903 год, друк 1918 г.).

Паводле Другое Ўстаное граматы Рады БНР тэрыторыяй рэспублікі абвяшчаліся ўсе тэрыторыі колішняе Расейскае імпэрыі, на якіх беларусы мелі колькасную перавагу. Пазьней, тэкстам Трэцяе Ўстаўное граматы гэтая тэрыторыя была ўдакладнена: тэрыторыяй БНР абвяшчалася ўся Магілёўская губэрня, вызначаныя часткі Менскае, Гарадзенскае, Віленскае, Віцебскае, Смаленскае, Чарнігаўскае губэрняў, а таксама некаторыя іншыя памежныя тэрыторыі[3]. Прадстаўленая ў шматлікіх крыніцах мапа абвешчанае тэрыторыі БНР супадае з этнаґрафічнай мапай расьсяленьня беларусаў паводле М. Доўнар-Запольскага.

Храналёґія зьмяненьня тэрытарыяльнага падзелу на тэрыторыі, якая была абвешчана як тэрыторыя БНР

З нагоды таго, што ўтварэньне БНР непасрэдна зьвязана з падзеямі Першае сусьветнай вайны і рэвалюцыйнымі працэсамі на тэрыторыі Расейскае імпэрыі, тут прыведзена храналёґія зьмяненьня адміністратыўна-тэрытарыяльнага дзяленьня на тэрыторыі, якая была абвешчана як Беларуская Народная Рэспубліка, з пачатку Першае сусьветнае вайны да ўсталяваньня на гэтай тэрыторыі савецкае ўлады. Трэба дадаць, што Радай БНР адміністратыўна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі ня быў прадугледжаны.

Глядзіце таксама

Крыніцы

  1. ^ гл. 2 і 3 Устаўныя граматы БНР
  2. ^ гл. умовы сэпаратнае мірнае дамовы паміж Цэнтральнымі дзяржавамі і Ўкраінскай Народнай Рэспублікай
  3. ^ гл. 3 Устаўную грамату БНР
The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.