Дзяржаўная калегія БНР

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Дзяржаўная калегія — орган выканаўчае ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Утвораная пасьля працяглага ўрадавага крызісу зь сябраў Прэзыдыюму Рады БНР і ўраду. Дзейнічала з 11 кастрычніка 1922 да 20 красавіка 1923 году ў Коўне. У склад калегіі ўваходзілі Самуіл Жытлоўскі, Лявон Заяц, Пётра Крачэўскі (старшыня), Вацлаў Ластоўскі, Аляксандар Цьвікевіч.

Крызіс быў выкліканы тым, што 3 траўня 1922 году Старшыня ўраду БНР Ластоўскі і міністар замежных справаў уручылі старшыні Генуэскай канфэрэнцыі 1922 ноту, у якой прызналі права Летувіскай рэспублікі на Вільню. Гэтая нота супярэчыла афіцыйнай пазыцыі Рады і большасьці сябраў ураду БНР. 30 траўня 1922 году на паседжаньні Рады міністраў БНР была прынятая рэзалюцыя, паводле якой урад меў імкнуцца да дасягненьня незалежнасьці Беларусі ў яе этнаграфічных межах. Вацлаў Ластоўскі і Аляксандар Цьвікевіч, апынуўшыся ў меншасьці, падалі ў адстаўку. Яны плянавалі склікаць у Дзьвінску нацыянальную нараду з мэтаю дамагчыся на ёй падтрымкі сваёй пазыцыі. Такая нарада магла раскалоць беларускую палітычную эміграцыю, прыняць пастановы, супярэчныя рэзалюцыі пра дзяржаўнае будаўніцтва, якую ў 1921 годзе зацьвердзіла Беларуская палітычная канфэрэнцыя ў Празе. У прыватнасьці, Ластоўскі мог пайсьці на стварэньне альтэрнатыўных органаў улады БНР. Старшыня Рады Крачэўскі зрабіў усё ад яго залежнае, каб нарады ў Дзьвінску не адбылося. 11 кастрычніка 1922 году была ўтвораная Дзяржаўная калегія, аднак супярэчнасьці між дзеячамі БНР засталіся. 20 красавіка 1923 году Ластоўскі выйшаў з калегіі. Распачалася чарговая ўрадавая крыза.

Літаратура

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.