Крыж Эўфрасіньні Полацкай

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Kryž Eŭfrasińni Połackaj. Крыж Эўфрасіньні Полацкай (1890).jpg
Літаграфія Крыжа 2-й паловы XIX стагодзьдзя
Лазар Богша
(аднавіў Мікалай Кузьміч)
Крыж Эўфрасіньні Полацкай, 1161
(аднаўленьне 1992—1997)
кіпарыс, золата, срэбра.
Царква Сьвятога Спаса, Полацак

Крыж Эўфрасіньні Полацкай — унікальны твор эмальернага мастацтва, рэлігійная і духоўная сьвятыня беларусаў[1]. Крыж вырабіў у 1161 годзе полацкі ювэлір Лазар Богша на заказ Эўфрасіньні Полацкай як каўчэг для захоўваньня хрысьціянскіх рэліквіяў.

Мае шэсьць канцоў-промняў, што сымбалізуе створаны Богам за шэсьць дзён Сусьвет. Падобная форма крыжа ніколі не была пераважнай на землях усходніх славянаў і найчасьцей сустракалася на беларускай этнічнай тэрыторыі[2].

Сьвятыня згубілася ў Другую Сусьветную вайну, калі найверагодней трапіла ў расейскія музэйныя сховішчы[3], а далей, магчыма, — у прыватную калекцыю Морганаў у ЗША[4]. У 1997 годзе берасьцейскі мастак М. Кузьміч вырабіў дакладную копію Крыжа, асьвечаную і перададзеную ў Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр у Полацку.

Апісаньне

У аснове Крыжа — кіпарысавае дрэва. Рэліквія мае вышыню 51,8 см, даўжыню верхняе папярэчкі — 14, ніжняе — 21, таўшчыню — 2,5 см. Зьверху і зьнізу дрэва закрывала 21 залатая пластка з каштоўнымі камянямі, арнамэнтамі і 20 эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступалі сусьветна вядомым бізантыйскім эмалям. Крыж абкладалі 20 срэбных з пазалотай пласткаў, а брыжы пярэдняга боку абводзіў ланцужок пэрлінаў.

Разьмяшчэньне сьвятых нагадвае іканапісную кампазыцыю пашыранага дэісуса[5]. На верхніх канцах Крыжа месьціліся паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Яна Хрысьціцеля. У цэнтры ніжняга перакрыжаваньня — чацьверка эвангелістаў: Ян, Лука, Марк і Мацьвей, на канцах — арханёлы Габрыіл і Міхал. Унізе — патроны (нябесныя заступнікі) заказьніцы і яе бацькоў: сьвятыя Эўфрасіньня Александрыйская, Юры і Сафія.

На адвароце месьціліся выявы айцоў царквы Іаана Златавуснага, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама сьвятых Стэфана, Дзімітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком меўся надпіс часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі.

У сярэдзіне Крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі Езусавай крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў сьвятых Стэфана і Панцеляймана ды кроў сьвятога Дзімітрыя.

Найбольш каштоўнымі з пакладзеных у гнёзды хрысьціянскіх рэліквіяў зьяўляліся часьцінкі Сьвятога Дрэва — крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў сьмерць Ісус Хрыстос.

У ніжняй частцы Крыжа, каля мошчаў сьвятога Панцялеймана, паведамляецца імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, съделавъшемоу крьсть сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На пазлачоных пластках месьціцца вялікі тэкст[6]:

У лета 6669 (1161) кладзе Эўфрасіньня сьвяты крыж у сваім манастыры, у царкве сьвятога Спаса. Дрэва сьвятое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і пэрлы на 100 грыўняў, а да... <...> 40 грыўняў. І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму сьвяты крыж ні ў жыцьці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён сьвятой жыватворнаю Тройцаю ды сьвятымі айцамі 300 и 50 (?) сямі сабораў сьвятых айцоў і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насьмеліцца ўчыніць такое... <...> валадар або князь, або эпіскап ці ігуменьня, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Эўфрасіньня ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыцьцё з усімі сьвятымі... <...>

Гісторыя

Паводле здымкаў І. Чысьцякова, 1896 год

Па стварэньні Крыжа ў 1161 годзе на просьбу ўнучкі полацкага князя Ўсяслава Чарадзея Прадславы (у манастве Эўфрасіньні) бізантыйскі імпэратар Мануіл Комнін і патрыярх Лука Хрызаверх даслалі для яго некаторыя хрысьціянскія сьвятыні.

Рэліквія захоўвалася ў Полацку, аднак пасьля захопу места смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам 17 студзеня 1222 году яе перавезьлі ў Смаленск. Каб у час абрадаў асьвячэньня вады не пашкодзіць даволі каштоўныя хрысьціянскія сьвятыні, у 1495 годзе смаленчукі стварылі копію Крыжа.

У 1514 годзе князь Васіль III, захапіўшы Смаленск, вывез Крыж у Маскву. Як вялікая каштоўнасьць і ваенны трафэй рэліквія трапіла ў царскі скарб і зрэдку ўжывалася ў набажэнствах. Аднак у 1653 годзе цар Іван Жахлівы ўзяў Крыж у сваю няўдалую выправу на Вялікае Княства Літоўскае, у выніку чаго рэліквія вярнулася ў Полацак.

Па вызваленьні Полаччыны вялікім князем Стэфанам Баторыем (1679) Крыж перанесьлі ў Сафійскі сабор, які неўзабаве адышоў да вуніятаў. Рэлігійны дзяяч 1-й пал. XVIII ст. Ігнат Кульчыцкі пакінуў наступны запіс:

« Будучы доктарам філязофіі ў нашым манастыры, я часта назіраў, як шануюць памяць гэтай сьвятыні манашкі нашага манастыра і жыхары полацкія, а таксама ўсяго вялікага ваяводзтва. У катэдральнай царкве полацкай сёньня захоўваецца цудоўны залаты крыж з рознымі мошчамі »

У расейска-францускую вайну 1812 году з мэтай захаваць Крыж базыляны ўмуравалі яго ў сьцяну, а з заканчэньнем вайны вярнулі ў сабор. Па ліквідацыі Уніі ў Расейскай імпэрыі (1839) рэліквія перайшла ў рукі Маскоўскага патрыярхату. У 1841 годзе эпіскап Васіль Лужынскі вазіў Крыж у Маскву і Пецярбург, пасьля чаго рэліквію вярнулі ў Полацак і зьмясьцілі ў царкве Сьв. Спаса.

Падрабязнае апісаньне, 1863 год

У 1921 годзе Крыж сярод іншых царкоўных каштоўнасьцяў рэквізавалі бальшавікі. У 1928 годзе з адмысловай экспэдыцыяй у Полацак выехаў Вацлаў Ластоўскі, які забраў рэкліквію зь мясцовага фінаддзелу і перавез яе ў Менскі музэй. Аднак у 1929 годзе з прычыны меркаванага пераносу сталіцы БССР у Магілёў бальшавікі перавезьлі Крыж туды, зьмясьціўшы яго ў пакоі-сэйфе мясцовага абкаму і гаркаму партыі. Адначасна зьявіліся зьвескі пра намер прадаць беларускую сьвятыню на аўкцыёне (або таемна) за мяжу. У 1949 г. Леў Гарошка пісаў у сваёй кнізе «Сьв. Эўфрасіньня-Прадслава», выдадзенай у Парыжы:

« Каля 1930 г. былі паявіліся весткі ў газэтах, што бальшавікі мелі яго [заўв. — Крыж] прадаць у Швэцыю »

Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў і супрацоўніка Магілёўскага дзяржаўнага музэю Гераніма Філіповіча (1912—1998)[7], 13 ліпеня 1941 году ў будынак магілёўскага абкаму зайшла група людзей у форме НКДБ. Яны адчынілі пакой-сэйф ключом і склалі каштоўнасьці ў загадзьдзя падрыхтаваныя мяхі[8]. Ранкам 13 ліпеня 1941 г. начальнік Магілёўскага гарнізона выклікаў да сябе армейскага кіроўцу Пятра Паддубскага, які быў жыхаром Магілёва і скончыў улетку 1941 г. сельскагаспадарчы тэхнікум. Начальнік гарнізона даручыў Паддубскаму забраць каштоўны груз з будынка Магілёўскага абласнога камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Пётар Паддубскі адразу тым ранкам падагнаў аўтамабіль па ўказаным адрасе. Некалькі чалавек у цывільным пачалі загружаць у кузаў мяшкі і пакеты. У акаваную жалезам асобную скрыню ўпакоўвалі найбольш каштоўныя рэчы. Калі Паддубскі стаяў побач з машынай, то пачуў, як адзін зь людзей у цывільным усклікнуў: «Які крыж прыгожы». Калі пагрузка скончылася, 6 супрацоўнікаў Народнага камісарыяту дзяржаўнай бясьпекі (НКДБ) на чале з маёрам узялі машыну пад ахову. Затым загадалі ехаць у бок банка, дзе 2 машыны загрузілі мяшкамі з грашыма. Наступным ранкам 14 ліпеня 1941 г. калёна з 3 машынаў знаходзілася на ўскрайку Магілёва. Там у кабіну да Паддубскага сеў 1-ы сакратар Цэнтральнага камітэту КПБ Панцеляймон Панамарэнка, які загадаў рухацца. Машыны пайшлі па маршруце Магілёў—ГоркіСмаленскМажайскМасква. 16 ліпеня 1941 г., праз 2 содні, машыны прыбылі ў Маскву і спыніліся каля будынка Ўпраўленьня кадраў Чырвонай арміі, што месьцілася на Ленінскіх гарах. Кіроўцы здалі туды груз і разьехаліся па вайсковых частках[9]. Беларускі гісторык Вітаўт Тумаш таксама пісаў, што крыж трапіў у рукі давераных асобаў КПСС і НКДБ.

Узноўлены Крыж, 2010 год

Паводле сьведчаньня супрацоўніка Эрмітажу расейскага гісторыка Барыса Сапунова, Крыж закупілі ў калекцыю Морганаў (ЗША) на аўкцыёне ў Заходняй Эўропе адразу па вайне. Вядома, што ў 1960-я гады іншы супрацоўнік Эрмітажу Бебут Шаўконьнікаў адмыслова выехаў у ЗША на пошукі рэліквіі, аднак з прычыны негалоснага папярэджаньня ён мусіў пакінуць краіну. У 1966 годзе Шаўконьнікаў апублікаваў артыкул пра Крыж Эўфрасіньні Полацкай у амэрыканскім мастацкім часапісе «Journal of glass studies», дзе радок са згадкаю пра цяперашняе месца знаходжаньня рэліквіі выкрасьлілі бяз згоды аўтара[10].

У кастрычніку 1990 году міністар замежных справаў БССР П. Краўчанка разам з А. Мальдзісам і супрацоўнікам беларускага прадстаўніцтва пры ААН У. Шчасным перадалі дырэктару Морганаўскай фундацыі афіцыйны зварот датычна Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Міністар растлумачыў, што гаворка ідзе пра нацыянальную сьвятыню, якую беларусы могуць нават выкупіць. Аднак Міністэрства замежных справаў атрымала афіцыйны адказ, што ў самой фундацыі Моргана Крыжа няма. Тым часам у радзіны Морганаў ёсьць і прыватныя зборы, за якія паводле выдадзенага дакумэнту адміністрацыя фундацыі не адказвае[4].

У тым жа 1990 годзе беларускі журналіст Аляксандар Лукашук, таксама турбуючыся за лёс Крыжа, наведаў у Нью-Ёрку Ракфэлераўскі цэнтар і пагутарыў з мастацкім экспэртам Аліў Брагозі. Адказ зноў прагучаў несуцяшальна: у калекцыі цэнтру беларускай рэліквіі няма. Ня далі выніку і звароты журналіста да электронных дасье ФБР.

У наш час да пошуку рэліквіі падлучыўся Інтэрпол, зарэгістраваўшы яе пад нумарам 34-1130[11].

Дадатковыя зьвесткі

  • У Хроніцы Быхаўца ёсьць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясьцілі ў Рыме сьвятою пад імем Праксэды. Князёўна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і 7 гадоў перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым, дзе манашку пахавалі і збудавалі ў яе гонар царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае апавяданьне каталіцкай вэрсіяй жыцьцяпісу Эўфрасіньні. Захаваліся зьвесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсьць частка сьвятога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам ІV. Гэты крыж быў копіяй твора Лазара Богшы. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музэі-запаведніку[12].
  • У 1551 годзе на саборы кананічна ізаляванай Маскоўскай праваслаўнай царквы гаспадар Іван IV Тыран пастанавіў уніфікаваць формы крыжоў на купалах цэркваў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад «літоўскага, Полацкага крыжа» — крыжа Эўфрасіньні Полацкай[13]. З гэтага часу на царкоўныя купалы ўпершыню ў гісторыі пачалі ставіць укосныя 8-канцовыя крыжы[14].
  • У 1959—1560 гадох гісторык і дзяяч беларускай эміграцыі Міхась Белямук давёў небеларускі характар маскоўскага крыжа і дамогся ўсталяваньня крыжа Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на першай беларускай праваслаўнай царкве ў Кліўлэндзе[14].
  • У чэрвені 2003 году ў першы дзень працы дзясятых Менскіх эпархіяльных чытаньняў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) прадставіў прысутным Слуцкае Эвангельле XVI стагодзьдзя, якое захоўвалася ў 1929—1941 гадох у Магілёве ў браняваным пакоі-сэйфе разам з Крыжам Эўфрасіньні Полацкай. Мітрапаліт даў ляканічнае тлумачэньне сэнсацыйнай знаходкі: маўляў, адна сталічная прыхаджанка ў знак падзякі за зьдзяйсьненьне трэбы па адпяваньні сваяка перадала Эвангельле сьвятару аднаго з прыходаў Менскай эпархіі ў пачатку 1990-х гадоў.

Галерэя

Крыніцы

  1. ^ Ганецкая Г., Тарасаў С., Штыхаў Г. Крыж Ефрасінні Полацкай // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка / Рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 82.
  2. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 132.
  3. ^ Арлоў У. Ад Полацка пачаўся Свет. — Мн.: «Рыфтур», 2005. С. 43.
  4. ^ а б Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 162.
  5. ^ Яніцкая М. Крыж Ефрасінні Полацкай // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 273.
  6. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 136—137.
  7. ^ Зянон Пазьняк. ВКЛ — гэта цывілізацыя // Belarus World, 31 студзеня 2016 г. Праверана 8 лютага 2016 г.
  8. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 157.
  9. ^ «Інтэрфакс». Сяргей Багдановіч: «Жыватворны Крыж Ефрасінні Полацкай трэба шукаць у Расеі» // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 1997. — № 47 (23148). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 161.
  11. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 167.
  12. ^ Ганецкая Г., Тарасаў С., Штыхаў Г. Крыж Ефрасінні Полацкай // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка / Рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 84.
  13. ^ Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай // Наша Слова. № 29 (817) 1 жніўня 2007 г.
  14. ^ а б Белямук М.. Пабудова першае беларускае праваслаўнае царквы на эміграцыі, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 26 кастрычніка 2010.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg Крыж Эўфрасіньні Полацкайсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.