Летувіская мова

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Летувіская
Lietuvių kalba
Ужываецца ў Летуве, Польшчы, Беларусі і 14 іншых краінах
Рэгіён Летува, Беларусь, Польшча ды іншыя
Колькасьць карыстальнікаў звыш 3 мільёнаў
Клясыфікацыя

Індаэўрапейская
 Балцкія
  Усходнебалцкія

    Летувіская
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Летуве,
Эўразьвязе,
Прызнаная мова меншасьці:
Польшчы,
ЗША
Рэгулюецца Дзяржаўнай камісіяй летувіскай мовы (Valstybinė lietuvių kalbos komisija)
Дзяржаўная моўная інспэкцыя (Valstybinė kalbos inspekcija)[1]
Код мовы
ISO 639-1 lt
ISO 639-2(B) lit
ISO 639-2(T) lit
SIL LIT

Летуві́ская мо́ва (лет. lietuvių kalba) — мова ўсходнебалцкай падгрупы балцкай групы, якой карыстаецца каля 3 млн чалавек у Летуве, а таксама ў Беларусі, паўночна-ўсходняй Польшчы, Расеі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і Нямеччыне. Дзяржаўная мова Летувы. Утварылася ў канцы XIX стагодзьдзя на базе гістарычнай жамойцкай мовы — архаічных гаворак ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды[2].

Назва

За часамі Вялікага Княства Літоўскага варыянт летувіскай мовы (заходнеаўкштоцкі або сярэдні дыялект — у тэрміналёгіі летувіскіх мовазнаўцаў), на базе якога ўтварылася сучасная літаратурная летувіская мова, называўся жамойцкай мовай[2].

Назва летувіская мова (прыметнік «летувіскі» як вытворны ад назвы краіны Летувы) пасьлядоўна ўжываецца па Другой сусьветнай вайне ў клясычнай моўнай норме Беларускай дыяспары[3] — у адрозьненьне ад наркамаўкі, дзе савецкія ўлады дазволілі толькі варыянт «літоўская мова». Напрыклад, у тэкстах Аляксандра Надсана сустракаецца пераважна Летува, летувіскі, летувіс (а ў размове таксама жмудзін, Жмудзь). У 1960—1970-я гады ў часопісе «Божым шляхам» у многіх тэкстах ужываліся словы Летува, летувіскі (у Часлава Сіповіча, Льва Гарошкі). Тое ж назіралася ў мове беларускага друку Паўночнай Амэрыкі: у тэкстах Сяргея Хмары ўжываецца Летува ў апісаньні праекту летувіскай дзяржаўнасьці з сталіцай сьпярша ў Коўне, потым у Вільні. Газэта беларусаў ЗША «Беларус» ўжывае выняткова Летува. Словы Летува, летувіс і летувіскі фіксуюцца ў неапублікаваным «Беларуска-францускім слоўніку» Льва Гарошкі[4].

Мовазнаўцы Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа крытыкуюць ужываньне прыметніка летувіскі, называючы яго «словам-калекам» на падставе таго, што ў гэтым слове «канчатак становіцца суфіксам»[5]. Аднак лінгвіст Зьміцер Санько паказвае на тое, што такая пазыцыя ёсьць непасьлядоўнай і недарэчнай, бо захаваньне канчаткаў у пазычаных словах — звычайная зьява ў беларускай мове. У якасьці прыкладаў ён прыводзіць запазычаньная словы з грэцкай (апакаліпсіс, базіс, крызіс, тэзіс, Ахілес, Геркулес, Ісус) або з лаціны (кансэнсус, полюс, статус, узус, калегіюм, кворум, форум), пры скланеньні якіх да чужых «закансэрваваных» канчаткаў дадаюцца беларускія[4]. Такім чынам, «летувіскі» — прыметнік, утвораны паводле законаў беларускай мовы[4].

Цяперашняя летувіская мова зьяўляецца працягам старой усходнебалцкай пісьмовай мовы, якая называлася «літоўскай» (у значэньні летувіскай) толькі паводле імя[6].

Гісторыя

Старажытнасьць

Як асобная мова ў балцкай групе моваў пачала разьвівацца ў VII стагодзьдзі н. э. Яе носьбіты доўгі час жылі ў цяжкадаступных лясах, што дазволіла захаваць архаічную мадэль мовы[7].

Вялікае Княства Літоўскае

Першыя помнікі летувіскай пісьменнасьці зьявіліся толькі ў пачатку XVI ст. У гэты час кнігі на летувіскай мове выдаваліся па-за межамі Вялікага Княства Літоўскага — у Прусіі нямецкім шрыфтам.

З мэтай павелічэньня ўплыву на вернікаў-летувісаў у канцы XVI ст. кнігі на летувіскай мове пачалі друкавацца ў Вялікім Княстве Літоўскім: першай такой кнігай стаў «Катэхізм» Я. Лядэсмы ў перакладзе М. Даўкшы, выдадзены ў 1595 годзе. Тым часам амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр падкрэсьлівае, што «летувіская мова цягам стагодзьдзяў не была мовай палітыкі»[8]. Палітычная, эканамічная, сацыяльная і культурная сытуацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім не была прыхільнай да летувіскай мовы, якую паводле летувіскага лінгвіста Зігмаса Зінкявічуса загналі «ў ніжэйшую клясу ва ўласнай айчыне»[9]. Напрыклад, «вялікія князі літоўскія ніколі не друкавалі кнігаў на летувіскай мове»[8]. Больш за тое, паводле З. Зінкявічуса, «для летувіскай мовы сытуацыя была катастрафічнай, ёй не давалі разьвівацца, выштурхоўвалі з агульнага ўжытку ды й друкаваць пісьмовыя тэксты па-летувіску было цяжка». З гэтай прычыны летувіскія мовазнаўцы імкнуцца падкрэсьліваць «адзінства арэалу летувіскай мовы праз палітычную мяжу паміж Вялікім Княства Літоўскім і Прусіяй». Сапраўды, «летувіскія граматыкі і слоўнікі доўгі час (да канца XVIII ст.) друкаваліся выняткова ў Прусіі» (выняткам стаў слоўнік Канстантына Шырвіда, які выйшаў каля 1620 году, некалькі разоў перавыдаваўся і быў адзіным слоўнікам летувіскай мовы, выдадзеным на тэрыторыі ВКЛ да канца XVIII стагодзьдзя[10]). Такім чынам, выкарыстаньне летувіскай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім абмяжоўвалася максымум рэгіянальным узроўнем, у тым ліку асобнымі натарыяльна засьведчанымі перакладамі дзяржаўных актаў (напрыклад, летувіскі пераклад тэксту Канстытуцыі 3 траўня 1791 году)[6].

У кнігах XVII ст. усталяваліся тры варыянты пісьмовай летувіскай мовы — заходні (мова летувісаў у Прусіі — «Малой Летуве»), блізкі да яе сярэдні, заснаваны на гаворках ваколіцаў Кейданаў (выкарыстоўваўся ў Жамойцкім старостве Вялікага Княства Літоўскага і называўся жамойцкай мовай) і ўсходні[2]. Першыя летувіскія кнігі, выдадзеныя М. Даўкшам, былі на сярэднім варыянце летувіскай мовы. У 1605 годзе ў Вільні выйшла 2-е выданьне «Катэхізму» Я. Лядэсмы, раней перакладзенага М. Даўкшам. Аўтар новага перакладу сьцьвярджаў у прадмове, што папярэднік пераклаў катэхізм на жамойцкую мову і таму летувісы скардзіліся: «Ня маем катэхізму летувіскага», што і заахвоціла яго перакласьці катэхізм на ўсходні варыянт — «летувіскую мову»[2]. У XVIII ст. усходні варыянт пісьмовай летувіскай мовы («летувіская мова») у Вялікім Княстве Літоўскім саступіў сярэдняму («жамойцкая мова»), на якім у 1737 годзе выйшла першая летувіская граматыка[2].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Па нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1863—1864 гадоў улады Расейскай імпэрыі надумалі падтрымаць летувіскі нацыянальны рух у супрацьвагу моцным пазыцыям палякаў[11]. Яны пачалі заахвочваць летувіскія асьвету і друк[12], летувіскую мову зрабілі мовай навучаньня ў Мар’ямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты.

Фармаваньне сучаснай літаратурнай летувіскай мовы адбылося ў канцы XIX ст. на базе найбольш архаічных гаворках ваколіцаў Коўна, Шаўляў і Клайпеды (сярэдні варыянт кніжнай летувіскай мовы XVII стагодзьдзя — гістарычная жамойцкая мова ў Вялікім Княстве Літоўскім)[2].

Найноўшы час

Паводле летувіскага лінгвіста З. Зінкявічуса, «перасьледаваная стагодзьдзямі летувіская мова ўпершыню за сваю гісторыю атрымала статус дзяржаўнай» толькі ў першай Летувіскай Рэспубліцы — у 1918 годзе[13].

Сучасныя летувіскія мовазнаўцы адрозьніваюць у летувіскай мове два галоўныя дыялекты: аўкштоцкі й жамойцкі, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на паддыялекты.

Альфабэт

Для запісу летувіскай мовы з XVI стагодзьдзя выкарыстоўваецца трохі зьмененая лацінка. Гвалтоўнае насаджэньне кірыліцы, якое адбывалася ў другой палове 1860-х гадоў, выклікала супраціў і вынікаў не прынесла. У 1901—1905 гадох праводзілася рэформа правапісу, калі былі ўнесены зьмены таксама і ў альфабэт.

Летувіскі альфабэт складаецца з 32 літараў. У яго аснове — чэская традыцыя (дыякрытычныя знакі для пазначэньня шыпячых), польская традыцыя захавался ў напісаньні літараў, які раней перадавалі насавыя галосныя і цяпер служаць дзеля адрозьненьня аманімуючых словаў і граматычных формаў[7].

Літара Назва Гучаньне (МФА)
1 A a a [ ɑ ]
2 Ą ą a nosinė [ ɑː ]
3 B b [ b ]
4 C c [ t͡s ]
5 Č č čė [ t͡ʃ ]
6 D d [ d ]
7 E e e [ ɛ ] [ æː ]
8 Ę ę e nosinė [ æː ]
9 Ė ė ė [ eː ]
10 F f ef [ f ]
11 G g [ g ]
12 H h ha [ ɣ ]
13 I i i trumpoji [ ɪ ]
14 Į į i nosinė [ iː ]
15 Y y i ilgoji [ iː ]
16 J j jot [ j ]
Літара Назва Гучаньне (МФА)
17 K k ka [ k ]
18 L l el [ ɫ ]
19 M m em [ m ]
20 N n en [ n ]
21 O o o [ ɔ ] [ oː ]
22 P p [ p ]
23 R r er [ r ]
24 S s es [ s ]
25 Š š [ ʃ ]
26 T t [ t ]
27 U u u [ ʊ ]
28 Ų ų u nosinė [ uː ]
29 Ū ū u ilgoji [ uː ]
30 V v [ ʋ ]
31 Z z [ z ]
32 Ž ž žė [ ʒ ]

Дзеля запісу пэўных зычных і галосных гукаў выкарыстоўваюцца камбінацыі, напрыклад, ch — х.

Граматыка

Летувіская мова захавала ад індаэўрапейскай эпохі складаную граматычную сыстэму, якая шмат у чым агульная з славянскай[2]: 2 роды і 5 скланеньняў назоўнікаў, парны лік, 7 склонаў, у тым ліку клічны; множныя лічэбнікі, апроч колькасных, парадкавых і дробавых; ускосны лад дзеяслова, апроч абвеснага, умоўнага і загаднага, складаная сыстэма формаў дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў у залежнасьці ад часу, трываньня і стану; ужываньне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў у ролі выказьніка, архаічныя сынтаксічныя звароты тыпу давальны самастойны і інш.

Граматыка летувіскай мовы няпростая, але падпарадкаваная строгім правілам. Летувіская — мова з разьвітай сыстэмай флексіяў, што робіць лацінскую падобнай на яе, асабліва ў сваім фіксаваньні склонавых канчаткаў і выкарыстаньні для апісаньня назоўнікаў разьмешчаных перад ім прыметнікаў або іншых назоўнікаў, якія ставяцца ў родным склоне. Назвы склонаў назоўнікаў (linksniai): vardininkas (назоўны), kilmininkas (родны), naudininkas (давальны), galininkas (вінавальны), įnagininkas (творны), vietininkas (месны) i šauksmininkas (клічны). У летувіскай мове няма артыкляў. Існуе чатыры часы дзеясловаў: цяперашні, будучы, мінулы, радзей выкарыстоўваецца шматразовы мінулы. Летувіская мова адрозьніваецца багацьцем дзеепрыметнікаў, якіх некалькі дзясяткаў. Націск зьяўляецца рухомым і свабодным, што азначае, што можа падаць на кожны склад у выразе, а таксама зьмяняць сваю пазыцыю пры зьмене выразу.

Летувіская мова вельмі цікавая для мовазнаўства, бо шмат у чым захавала некаторыя марфалягічныя асаблівасьці праіндаэўрапейскай мовы — мовы, у выніку распаду якой быў закладзены пачатак будучаму ўтварэньню моваў індаэўрапейскай сям’і.

Лексыка

Базавая лексыка летувіскай мовы мае невялікую колькасьць запазычаньняў. Ёсьць старыя запазычаньні (senieji skoliniai, buslas) з моваў суседніх рэгіёнаў. Сярод іх: stiklas (шкло), muilas (мыла), gatvė ад славянскага «гатво», дарога, spinta ад нямецкага der Spind. Прысутнічаюць таксама словы лацінскага і грэцкага паходжаньня (ciklas, schema і г. д.). Па аднаўленьні Летувой незалежнасьці ўзмацняецца ўплыў ангельскай мовы (hakeris, singlas ды іншыя).

У старой летувіскай мове значны пласт складалі словы беларускага паходжаньня[2].

Іншыя агульныя рысы зь беларускай мовай

Агульныя рысы паміж летувіскай і беларускай мовамі таксама прыстунічаюць у фанэтыцы, марфалёгіі і сынтаксісе: паводле беларускага лінгвіста Ўладзімера Сьвяжынскага — гэта пазыцыйная мяккасьць зычных, ётацыя пры зьбегу галосных, клічны склон, параўнальная ступень прыметнікаў і прыслоўяў з прыназоўнікам «за», асобная форма загаднага ладу дзеля выразу супольнага дзеяньня, дробавыя лічэбнікі, структурна-сэмантычная блізкасьць пэўных займеньнікаў, агульная валентавасьць паасобных дзеясловаў, канструкцыі тыпу «хвораму палепшала», пераважнае ўжываньне роднага склону з адмоўем, канструкцыі зь дзеясловам «мець», даслоўнае супадзеньня спалучэньняў тыпу «ставіць хату» і іншае[2].

Крыніцы

  1. ^ Valstybinė kalbos inspekcija
  2. ^ а б в г д е ё ж з Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 209.
  3. ^ Гарбацкі Ў. У тарашкевіцы не абыйсьціся бяз слова “Летува”, ARCHE: электронная газэта, 9 сакавіка 2020 г.
  4. ^ а б в Санько З. І ўсё ж — Літва ці Летува?, Радыё Свабода, 2 сакавіка 2020 г.
  5. ^ Вячорка В., Шупа С. Чаму Літва, а не «Летува», Радыё Свабода, 20 лютага 2020 г.
  6. ^ а б Касьцян К., Васілевіч Г. Спадчына ВКЛ вачыма беларускіх і летувіскіх гісторыкаў: поле для роўных магчымасьцяў? // ARCHE Пачатак. № 11—12 (86—87), 2009. С. 292—303.
  7. ^ а б Свяжынскі У. Літоўская мова // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 208.
  8. ^ а б Snyder T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. — New Haven: Yale Univ. Press, 2003.
  9. ^ Zinkevičius Z. History of the Lithuanian Language. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 244.
  10. ^ Schmalstieg W. R. Early Lithuanian Grammars // Lituanus. Vol. 28, Nr. 1, 1982.
  11. ^ Навумчык С., Каткоўскі Ў. Вільня, Вялікае Княства і Беларусь — поўны тэкст онлайнавай канфэрэнцыі з Уладзімерам Арловым, Радыё Свабода, 8 лютага 2005 г.
  12. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  13. ^ Zinkevičius Z. History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 1998. P. 297.

Літаратура

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
  • Вячорка В. Кароткая граматыка літоўскай мовы. — Менск, 2010. — 116 с. (Сэрыя «Беларускія ЭўраГраматыкі»). ISBN 978-985-448-091-6
  • Bense G. Deutsch-litauische Kulturbeziehungen: Kolloquium zu Ehren von August Schleicher an der Friedrich-Schiller-Universität Jena. — Jena/Erlangen: Mayer Verlag GmbH, 1994. ISBN 3-925978-38-0
  • Jähnert K. Litauisch — Wort für Wort. — Bielefeld: REISE KNOW-HOW Verlag Peter Rump GmbH, 2003. ISBN 3-89416-244-9
  • Schleicher A. Handbuch der litauischen Sprache. 2 Bde. 1856/57.
  • Encyclopedia Lituanica. I—VI. — Boston, 1970—1978
  • Remys E. Review of Modern Lithuanian Grammar. Lithuanian Research and Studies Center. — Chicago, 2003.
  • Zinkevičius Z. The history of the Lithuanian language / Inst. of Lithuanian lang.; Ed. R. Bendes. — Vilnius : Mokslo ir encikl. l-kla, 1996. — 333 p.
  • Dabartinės lietuvių kalbos žodynas. — Vilnius, 1972.
  • Kazlauskas J. Lietuvių kalbos istorinė gramatika. — Vilnius, 1968.
  • Križinauskas J. A. Vokiečių-lietuvių lietuvių-vokiečių kalbų žodynas. Deutsch-litauisches litauisch-deutsches Wörterbuch. — Vilnius: TEV Verlag, 2003. ISBN 9986-546-94-X
  • Lietuvių kalbos gramatika. T. 1—2. — Vilnius, 1965-1971.
  • Lietuvių kalbos žodynas. T. 1—8. — Vilnius, 1941-1970.
  • Zinkevičius Z. Lietuvių dialektologija. — Vilnius, 1966.
  • Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos dialektologija. — Vilnius, 1994.
  • Zinkevičius Z. Lietuviu kalbos istorija / Rec. V. Ambrazas. — T.6, Lietuviu kalba naujaisiais laikais. — Vilnius : Mokslo ir encikl. l-kla, 1994. — 394 p.
  • Zinkevičius, Z. Lietuviu kalbos istorija: rodykles ir bibliogr. — T.6, Lietuviu kalba naujaisiais laikais. — Vilnius : Mokslo ir encikl. l-kla, 1995. — 374 p.
  • Амбразас В., Вайткявичюте В., Валяцкене А. и др. Литовский язык. — В кн.: Языки народов СССР. Т. I. — М., 1966.
  • Зинкявичюс З. Литовская диалектология. — Вильнюс: Минтис, 1966. — 542 с.
  • Зинкявичюс З. Откуда родом литовцы / З. Зинкявичюс, А. Лухтанас, Г. Чеснис. — Вильнюс: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2006. — 144 с.

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg Летувіская мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.