Ліцьвіны

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Ліцьвіны (неадназначнасьць), Літоўцы (неадназначнасьць).

Ліцьвіны (літвіны, літва, літоўцы) — гістарычная саманазва беларусаў у Вялікім Княстве Літоўскім, якая выкарыстоўвалася побач з русінамі. Па Крэўскай уніі «літвінамі» называліся каталікі ВКЛ, а таксама ўсё жыхарства ў нацыянальным сэнсе, «русінамі» называліся праваслаўныя ў канфэсійным сэнсе[1][2]. Паводле энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі», выдадзенай у 1989 годзе, назва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, пераважна заходніх беларусаў і ўсходніх летувісаў у XIV—XVIII стагодзьдзях, якая ў XVI—XVIII стагодзьдзях набыла гучаньне палітоніма — дзяржаўна-палітычнага вызначэньня ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

У якасьці назвы беларусаў назва «літвіны» шырока ўжывалася яшчэ ў працягу XIX стагодзьдзя і да нашага часу захоўваецца ў частковым ужытку ў якасьці саманазвы вясковага жыхарства[3].

Назва

Межы старажытнай Літвы паводле М. Ермаловіча

Згодна з гіпотэзай беларускага гісторыка Паўлы Урбана (падтрыманай Алесем Жлуткам, Зьдзіславам Сіцько і іншымі беларускімі навукоўцамі і пісьменьнікамі), назва «ліцьвіны» паходзіць ад назвы зьвязу плямёнаў палабскіх славянаў люцічаў (Лютва), якія па разгроме іх немцамі з другой паловы XII стагодзьдзя эмігравалі ў двух кірунках — Чэхію і вярхоўі рэк Вяльлі і Нёману. Гэта пацьвярджаюць усе сучасныя чэскія дасьледнікі, бо большасьць чэскіх гарадоў (Літвінаў, Літамежыца і г.д) да XIII стагодзьдзя называліся Лютвінаў, Лютамежыца і г. д. (агулам больш за 120 гарадоў, мястэчкаў і вёсак у Чэхіі). Гэтак жа і на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі і Віленскага краю люцічы маглі заснаваць свае селішчы (Літва, Літоўцы і інш., больш за 55 пунктаў)[4]

Гісторык Мікола Ермаловіч адзначаў, што вёсак з назвамі «Літва» багата між Наваградкам і Менскам. Грунтуючыся на гэтым факце, а таксама на зьвестках летапісаў наконт разьмешчаньня летапіснае Літвы ў XI—XIII стагодзьдзях, ён лічыў, што летапісная Літва была зямлёй балцкага племені «літва», што месьцілася між Наваградкам і Менскам, і потым падпала славянізацыі.

Праўныя крыніцы

У 9-м артыкуле трэцяга разьдзелу Літоўскага Статуту рэдакцыі 1566 году зазначаецца, што тытульнымі нацыямі Вялікага Княства Літоўскага ёсьць адно ліцьвіны і русіны, у той час як жамойты адносяцца да ліку «обчых, чужаземцаў і загранічнікаў».

« Въ томъ панстве Великомъ Князстве Литовскомъ и во всихъ земляхъ ему прислухаючыхъ достойностей духовныхъ и свецкихъ городовъ дворовъ и кгрунтовъ староствъ въ держаньи и пожываньи и вечностей жадных чужоземцомъ и заграничникомъ ани суседомъ таго панства давати не имаемъ; але то все мы и потомки наши Великіе Князи Литовскіе давати будуть повинни только Литве а Руси, родичомъ старожитнымъ и врожонцамъ Великаго Князства Литовского <…>. А хотя бы хто обчого народу за свое заслуги въ той речы посполитой пришолъ ку оселости зъ ласки и данины нашое, албо которымъ иншимъ правомъ; тогды таковые толко оселости оное ужывати мають будучы обывателемъ обецнымъ Великаго Князства и служачы службу земскую томужъ панству. Але на достоенства и всякій врядъ духовный и свецкій не маеть быти обиранъ, ани отъ насъ Господаря ставленъ, толко здавна продковъ своихъ уроженецъ Великого Князства Литовского Литвинъ и Русинъ. »

У прадмове да Літоўскага Статуту 1588 году падканцлер Леў Сапега адзначаў вялікую ролю права ў жыцьці Вялікага Княства Літоўскага і пісаў, што літоўскія правы і Статуты сьпісаны «власным языком» ліцьвінаў:

« И то ест наша волность, которою се мы межи иншыми народы хрестиянскими хвалимъ, же пана, ижбы водле воли своее, а не водле правъ наших пановал, над собою не маем, а яко славы учстивое, такъ живота и маетности волно уживаем. <...> А если которому народу встыдъ правъ своихъ не умети, поготовю намъ, которые не обчым яким языком, але своимъ власнымъ права списаные маем и кождого часу, чого намъ потреба ку отпору всякое кривды, ведати можемъ. »

У Гарадзенскім прывілеі 1568 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пісаў, што хоць народ Вялікага Княства Літоўскага падзяляецца на «літву» (каталікі) і «русь» (праваслаўныя), народ ВКЛ ёсьць адным народам (заступнікамі якога ёсьць «шляхта литовская», «станы литовские»)[5]:

« ...што там в том прывильи описан паном шляхте обоего закону и веры хрестианское рымского закону Литве, а греческого Руси, ... што вышей о народе том славном Великого Князьства ач двоего закону хрестианского людей але одного и однакого народу описано и поменено.... »

Гістарычныя крыніцы

Да Вялікага Княства Літоўскага

Назва «Ліцьвін» («Літвін», Литвин, Litwini, Lithwani, Lethowini) у якасьці азначэньня жыхароў летапіснае Літвы, а потым Вялікага Княства Літоўскага, сустракаецца наймя ў такой (славянскай) форме ўва ўсіх (уласна літоўскіх, рускіх, польскіх, крыжацкіх і інш.) сярэднявечных крыніцах.

Найранейшаю вядомаю згадкаю літвінаў у гістарычных крыніцах ёсьць зьвестка польскіх рочнікаў пад 1025 годам, якая кажа, што літвіны (Letwanos) на ўсход ад Польшчы ваявалі з польскімі князямі[6].

«Літва» ў якасьці народу таксама ўпамінаецца ў «Кароткім Валадзімерскім летапісцу» пад 945 годам, дзе яна атаясамліваецца з драўлянамі[7]: «...нача княжити Игорь и воева Деревскую землю, рекше Литву <…> и князя уби, Мала именемь, и всю Литву высече».

Літвінамі называліся жыхары летапіснае Літвы, якая абыймала Вількамір, Трокі, Горадню, Бранск, Слонім і Менск[8]. Летапісная Літва знаходзілася ў зьвязе з полацка-менскімі князямі і, фактычна, была ўдзелам Полацкага княства. Жыхарства гэтае зямлі было зьмяшаным — балцкім і славянскім. Балцка-славянскія кантакты на гэтай зямлі распачалі працэс фармаваньня беларускага этнасу[9].

Цьверскі летапіс далучае старажытную літву да славянскіх народаў[10]:

« ...а от Ляхов прозвашася Поляне, Ляхове же, друзии Лютици а инии Литва, инии Мазовшене, инии Поморане. »

У Вялікім Княстве Літоўскім

Сярод лістоў першага вялікага князя літоўскага Міндоўга ёсьць (лацінская) грамата, дзе ён мянуе свой народ на лаціне «Litvvinos», а сябе тытулуе «rex Litwinorum»[a][11] («вялікі князь Літвінаў»).

У 1257 годзе паводле загаду папскае курыі на ўсходзе Польшчы ўтварылася новае біскупства — у Лукаве. У буле на заснаваньне гэтага біскупства гаворыцца, што яно створана «in confinio Letwanorum»[12] — «на мяжы зь Літвінамі»[b]

Кроніка Дусбурга[13] (складзена да 1326 году):

«У год ад Нараджэння Хрыста 1295, за шэсьць тыдняў да Тройцы, пяць братоў [крыжакоў] і 150 чалавек з Самбіі ды Натангіі выправіліся на замак Горадню і, калі наблізіліся, пажадалі яны, пакінуўшы коні, сыйсьці долу па Нёмане; разбурыўшы там на беразе адну вёску Літвіноў (Lethowinorum), забіўшы і паланіўшы шмат людзей, яны выправіліся далей»[14].

«Літвою» («дружина его, литва») летапіс менаваў князёў Міхайлу-Карыята, Сямёна Сьвіслацкага і Якшу (удзельнікаў пасольства вялікага князя Альгерда да Арды) пад 1349 годам.

Ліцьвінамі былі віленскія мучанікі 1347 году — Кумец, Круглец і Няжыла, дваране пры двары вялікага князя літоўскага Альгерда ў Вільні (паводле некаторых зьвестак, Круглец быў лоўчым, Кумец — канюшым, а Няжыла займаў пасаду пасьцельнічага ў вялікага князя). Жывоты кажуць: «Кроуглецъ, Коумецъ, Нежило родомъ Литвы…», «…литовския ж им имена Кроуглецъ, Коумецъ, Нежило»[15].

«Ліцьвінамі» служба маскоўскага князя ў 1378 годзе назвала Канстантынопальскага патрыярха Філафея і бізантыйскага цэсара Івана V[c]. Гэта было вынікам прыхільнае палітыкі Канстантынопальскага патрыярха і бізантыйскага цэсара да Літвы, і асабліва да справы пашырэньня Літоўскае мітраполіі на просьбу вялікага князя літоўскага Альгерда.

Літоўскі летапіс пералічае «літоўскіх» князёў, якія загінулі ў бітве на Ворскле 12 жніўня 1399 году[d]:

« «А которых збитого воиска имена суть князей литовских: князь Ондрей Олкгирдович полоцкий, брат его князь Дмитрей брянский, князь Иван Дмитръевич, князь Андрей пасынок князя Дмитров, князь Иван Борисович киевский, князь Глеб Светославович смоленский, князь Глеб Корятович, брат его князь Семен, князь Михайло Подберезский а брат его князь Дмитреи, князь Федор Патрикеевич волоский, князь Иван Юрьевич Белский…» »
Ліцьвіны (направа) на Грунвальцкім полі 15 ліпеня 1410 г.

Я. Длугаш, пра падзеі 1390 году: «Рухомы чулай спагадай да абцяжаранай Айчыны, зямлі Літвіноў, якая цярпела ад міжусобнай вайны, … кароль польскі Валадыслаў (Ягайла), каб дапамагчы ёй, набраў войска … і вывеў яго насупраць замкаў Берасьця, Камянца і Горадні, занятых залогамі Вітаўта, які зь іх чыніў напады на літоўскія вобласьці, і заняў замак Берасьце»[16].

У 1406 годзе, паводле літоўскага летапісу[e], адзін з баяраў вялікага князя літоўскага Вітаўта — Андрэй Літвін — на перамовах, калі Вітаўт важыўся даканаць міру зь непрыяцелем, крыкнуў вялікаму князю: «Не миры, Витолте, не миры», адмаўляючы вялікага князя ад некарыснага міру. Дзеля гэтага Вітаўт даў Андрэю Літвіну прозьвішча «Няміра», і ад яго пайшоў вядомы баярскі род Неміровічаў.

Ліцьвінам з паходжаньня быў і другі віленскі біскуп Якуб Пліхта (памёр 2 лютага 1407 году) (першы віленскі біскуп Андрэй Васіла быў палякам). Дакумэнты сьведчаць, што Якуб Пліхта паходзіў «зь Літвы, зь ейнага народу і мовы» (Johannis dicti Plychta … viro vicarium Lythuanie, eiusdemque nacionis et lingue[f]). Усе віленскія біскупы на працягу XV стагодзьдзя (апрача двух палякаў) былі літвінамі-славянамі: біскуп Мацей зь Вільні (1422—1453), Мікалай Дзяжковіч з Салечнікаў (1453—1467), Ян Ласовіч зь Вільні (1468—1481), Андрэй Гасковіч зь Вільні (1481—1491) і Альбэрт Табар (Табаровіч) зь Мерачы (1492—1507)[17].

У Грунвальцкай біцьве 1410 году ад Літвы бралі ўдзел дзьве Віленскія, дзьве Троцкія, Наваградзкая, Гарадзенская, Берасьцейская, Менска-Заслаўская, Полацкая, Віцебская, Быхаўская, Ваўкавыская, Драгічынская, Друцкая, Кобрынская, Крэўская, Крычаўская, Лідзкая, Лукомльская, Мельніцкая, Магілёўская, Амсьціслаўская, Нясьвіская, Аршанская, Ашмянская, Пінская, Слонімская і Слуцкая харугвы[18]. Разам, з 40 літоўскіх харугваў, 25 былі з гарадоў і мястэчак сучаснае Беларусі. Усе яны выступілі пад гербам «Пагоня», апрача 10 вялікакняскіх, якія выступілі пад гербам «Калюмны». «Гэй, ліцьвіны! Бог нам раіць!» — баявы заклік войска князёў Радзівілаў.

На працягу XV стагодзьдзя шмат літвіноў езьдзілі навучацца ў Кракаўскі ўнівэрсытэт. Акты рэктарскага суду Кракаўскага ўнівэрсытэту мянуюць «літвінамі» ўсіх студэнтаў з гістарычных земляў Вялікага Княства Літоўскага — то бо зь Беларусі (без Жамойці і Ўкраіны). Паводле актаў XV — пачатку XVI стагодзьдзяў літвінамі былі Сянько Гарынскі, князь Андрэй Сьвірскі, Мацей Літвін, Ян зь Сьвержані, Юры, Ванька і іншыя. Яны паходзілі зь Вільні, Дарагічына, Мельніку, Бельску, Сьвержаню і іншых гарадоў і мястэчак Вялікага Княства Літоўскага. У актах за гэты час праходзіць толькі адзін студэнт з Жамойці, і ён не запісаны як літвін. Як адзначае, Алег Латышонак, усе беларусы выступаюць у актах унівэрсытэту як «літвіны» (Lithuanus)[19].

«Ліцьвінам» запісаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце ў 1505 годзе выбітны асьветнік і першадрукар Францішак Скарына, ураджэнец Полацку.

Польскія пісьменьнікі XV—XVI стагодзьдзяў пісалі: «Люд літоўскі, рускі і маскоўскі — гэта адна і тая ж Русь, адно і тое ж племя»[20].

Напрыклад, беларуская народная песьня, якая ўслаўляла буйную перамогу гетмана Астроскага над маскавітамі пад Воршай у 1514 годзе, сьведчыць: «Слава Воршы ўжо ня горша сярод мест літоўскіх».

Згодна зь летапісам ХVІІ стагодзьдзя адзін з гарадоў-цьвержаў, заснаваных Іванам ІV (Жахлівым) на акупаванай Полаччыне, быў «от литовских городов от Лепля пол — 30 верст, от Лукомля 20 верст». Апавядаючы пра рэйд невялікага варожага аддзела на Смаленшчыну ў 1565 годзе, маскоўскі летапіс адзначае, што гэта былі «литовские люди», а потым удакладніў: «мстиславцы и кричевцы».

У прыказах Маскоўскай дзяржавы XV—XVII стагодзьдзяў «літвінамі» называлі беларусаў. Напрыклад, у маскоўскім дакумэнце XVII стагодзьдзя: «Приехал ис Полотцка ко Пскову торговой литвин Спиридонка; родом он литвин, белорусец Мстиславского повету»[21].

Па Вялікім Княстве Літоўскім

Правадыр паўстаньня 1794 году Тадэвуш Касьцюшка, ураджэнец Слонімшчыны, казаў: «Хіба я не ліцьвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць (за рэкамэндацыю Берасьцейскага сойміка), калі ня Вам? Каго павінен абараняць, калі ня Вас і сябе самога?». У лісьце да расейскага імпэратара Аляксандра І за два гады да сьмерці ён пісаў: «Нарадзіўся я ліцьвінам…».

Славуты паэта Адам Міцкевіч, які нарадзіўся і вырас на Наваградчыне і ў самім Наваградку, у сваёй знакамітай паэме пісаў пра родны край: «О Літва, айчына мая!…». Разам з тым Адам Міцкевіч у сваім выкладзе пра літоўскі народ у Парыжы зьвяртаў увагу, што ліцьвіны завуць на сваёй мове палякоў — lankas, а русінаў — gudas, а Бога — Dewas[22].

Заснавальнік новае беларускае драматургіі і адзін з стваральнікаў сучаснае літаратурнае беларускае мовы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884), хоць і нарадзіўся і правёў цэлае жыцьцё на Рэчыччыне і Меншчыне, лічыў, што ён вырас «сярод ліцьвінаў»[23]. «Літвою» ён лічыў Менск, у якім тады жыў.

Беларускага паэта Ўладзіслава Сыракомлю сучасьнікі называлі «лірнікам літоўскім», а другі вядомы беларускі пісьменьнік Арцём Вярыга-Дарэўскі, які нарадзіўся на Полаччыне і жыў у Віцебску, пісаў у сваім творы: «Літва — родная зямелька». Ягоны верш «Ліцьвінам, што запісаліся ў мой „Альбом“, на разьвітаньне» (1858 годм) адрасаваны маладым беларускім літаратарам. У ім аўтар усклікаў: «Чый гэта голас? Гэты словы нашы, браценькі-літоўцы».

Назву літвіны ў дачыненьні да сучасных беларусаў шырока ўжывала і інтэлігенцыя. Ігнат Дамейка ў сваёй кнізе «Мае падарожжы», апісваючы інтэрнацыянальны склад паўстанцкіх аддзелаў, практычна ў кожным выпадку ўказвае нацыянальную прыналежнасьць таго ці іншага афіцэра або жаўнера. Ён дакладна выдзяляе каронных (г. зн. палякаў), жамойтаў (сучасных летувісаў) і «нашых ліцьвінаў» (сучасных беларусаў). Пры гэтым Дамейка не праводзіць ніякую нацыянальную мяжу паміж літоўскай (беларускай) шляхтай і сялянамі. Для яго яны ўсе — «нашы ліцьвіны». У дыплёме ганаровага доктара мэдыцыны, выдадзенага Ігнату Дамейку ў Кракаўскім Ягелонскім унівэрсытэце ў 1887 годзе пазначана «… слаўнаму мужу Ігнату Дамейку, ліцьвіну…»[24].

У 1861 годзе, пачуўшы пра хваляваньні на радзіме Зыгмунд Мінейка вяртаецца зь Пецярбургу дамоў, каб распачаць антыцарскую агітацыю сярод сялянаў. Як сьведчыць у кнізе «Імёны свабоды» Ўладзімер Арлоў, у жніўні 1861 году агент III аддзяленьня даносіў начальству, што «кадет Сигизмунд Минейко ходит переодет крестьянином и разносит сочиненную неким Марцинкевичем на народном языке „Гутарку старога дзеда“, где в стихах представлены судьбы Литвы и все притеснения приписаны российскому правительству»[25] Знакамітая пісьменьніца Эліза Ажэшка неаднаразова падпісвалася як Габрыэла Ліцьвінка (польск. Gabriela Litwinka) або проста Li…ka (скарочаная форма: ліцьвінка). «Продкі мае выйшлі зь літоўскіх балотаў», — пісаў пра Піншчыну Фёдар Дастаеўскі.

Першая старонка нявыдадзенай Мужыцкай праўды

Беларускі герой-рэвалюцыянэр Кастусь Каліноўскі, які заўсёды зьвяртаўся да народу ў беларускай мове, менаваў свой родны край (ён нарадзіўся на Берасьцейшчыне) «Літвою». Створаны ім у час паўстаньня часовы ўрадовы камітэт ён назваў «Літоўскі ўрад». У 1989 годзе ў віленскім касьцёле Сьвятога Францішка Азіскага знайшлі рукапісны дакумэнт пад назвай «№6 Мужыцкая праўда». Тэкст газэты падрыхтавалі ў кастрычніку 1862 году, аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт зьяўляецца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[26][27]:

« Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <...> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. »

Разам з тым у «Лістах з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскі ўпамінае і беларусаў, і літоўцаў: «Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча».

З вуснаў украінца ў XIX стагодзьдзі пра беларуса можна было пачуць: «Хіба лихо озме литвина, щоб він не дзекнув» (пра «дзекаючае» вымаўленьне беларусаў). А ў ваколіцах Беластоку ўжо за нашых часоў запісана пра беларуса: «Як сыр не закуска, так ліцьвін — не чалавек!» або «Ліцьвін — то чортаў сын!»[28].

Мовазнаўца Антон Палявы паведамляў у сваіх чытаньнях для маскоўскай дыялекталягічнай камісіі ў 1925 годзе (пра ліцьвінаў Навазыбкаўскага павету Чарнігаўшчыны):

Гэтыя песьні яшчэ больш пераконваюць у тым, што мова навазыбкаўскіх ліцьвінаў ёсьць мовай беларускай, а гэткім чынам, і самі ліцьвіны — таксама ёсьць беларусамі[29].

У пагранічных зь Беларусьсю раёнах Расеі такая назва існавала да сярэдзіны XX ст.[21][30]. Жыхары Курскай і Арлоўскай абласьцей Расеі называлі беларусаў «ліцьвінамі» ажно да Другой сусьветнае вайны[28].

Літоўская мова

Першы запіс

У 1351 годзе князь Кейстут (брат вялікага князя літоўскага Альгерда) рушыў у Вугоршчыну ў выправу зь літоўскім войскам (гэта былі вайсковыя аддзелы з Трокаў, Горадні, Драгічына і Берасьця). У час сустрэчы вугорскі кароль Людвік (Лаёш) Вялікі і князь Кейстут ўчынілі мір, і на знак замірэньня Кейстут загадаў зарэзаць быка і па забіцьці павярнуўся да свайго войска і пракрычаў па-літоўску (паводле вугорскае кронікі: lithwanice): «Рагаціна — розні нашы. Госпад з намі!» (у запісе кронікі — rogachina roznenachy gospanany), што тут жа перамовілі прысутныя літвіны (Lithwani). З тым, што гэтая прамова ёсьць узорам старое беларускае мовы, пагаджаецца большасьць дасьледнікаў: А. Мяжынскі, А. Брукнэр, С. Роўэл, А. Золтан і іншыя[31].

У Вялікім Княстве Літоўскім

Тагачасную беларускую мову называлі “літоўскаю” вялікі князь Ягайла ў агульназемскім прывілеі для Літвы 1387 году, першы віленскі біскуп (1388—1398) Андрэй Васіла ў сваім тэстамэнце і іншыя літвіны, а таксама замежнікі. Беларуская мова, якая ў ВКЛ называлася “літоўскаю”, была моваю літоўскага народу і афіцыйнаю моваю Вялікага княства, на ёй складаліся ўрадовыя лісты, судовыя выракі, дыпляматычнае ліставаньне з замежнымі краямі. Ацалелі ўкладзеныя па-беларуску дамовы князёў Яўнуты, Кейстута і Любарта з польскім каралём Казімерам 1352 году, дамова вялікага князя Альгерда з Казімерам 1366 году, дамова вялікага князя Вітаўта з рыжанамі 1407 году, ліст вялікага князя Сьвідрыгайлы да магістра Тэўтонскага ордэну 1433 году ды іншыя дакумэнты.

Вялікі князь Вітаўт у грамаце для віленскай катэдры з 1423 году пісаў, што «лукно шасціпяднае» (lukno szescipedne) — гэта «простанародны» (vulgariter) назоў меры мёду[32]. Князь Жыгімонт Кейстутавіч у сваёй лацінскай грамаце з 1411 году менаваў «народнай мовай» літвіноў (vulgariter dicitur) тую мову, у якой мера воску па-народнаму называлася «пуд воску» (pud vosku)[32].

Славянскай менаваў літоўскую мову ў 1440-х гадох рымскі папа, пісьменьнік і гуманіст Энэа Сыльвіё Пікаляміні: «Літва месьціцца на ўсход ад Польшчы. Мова народу — славянская»[g].

Такія эўрапейскія навукоўцы, як Гэртман Шэдэль у «Сусьветнай хроніцы» (1493 год), дырэктар Нюрнбэрскае гімназіі Ян Коклес Норык у «Дэкастыхоне» (1511 год)[h], Ян Багемскі ў працы «Звычаі ўсіх народаў» (1538 г.)[i] і аўстрыйскі дыплямат Жыгімонт Гэрбэрштэйн у «Гісторыі Масковіі» (1549 г.) пісалі пра Літву, як пра славянскі народ. Усе яны залічалі літоўскую мову да славянскіх моваў.

Аўстрыйскі дыплямат Гэрбэрштэйн, які наведваў Літву ў 1517—1526 гг.[33], пісаў:

  • «…бізона ліцьвіны ў сваёй мове называюць „зубр“ (Suber)»;
  • «…той зьвер, якога ліцьвіны ў сваёй мове называюць „лось“ (Loss), по-нямецку завецца Ellend („лось“ — нямецк.)»;
  • «Гаспадар прызначае туды [ў Жамойць] ўрадоўцу [зь Літвы], якога ў сваёй мове яны [ліцьвіны] называюць „староста“ (Starosta)».

Вэнэцыянскі дыплямат М. Фаскарына ў 1557 годзе пісаў, што «маскавіты размаўляюць і пішуць славянскай мовай, таксама як дальматы, чэхі, палякі і ліцьвіны»[j].

Літоўскі асьветнік Ляўрэнці Зізані выдаў у 1626 годзе на заказ патрыярха праваслаўны «Катэхізіс», у якім гэтак патлумачыў назву кнігі: «по-литовску это оглашение, русским же языком нарицается беседословие».

У Актах Маскоўскага гаспадарства (запіс з 1618 году): «… выехали из деревни человек с пятнадцать, а на них магерки литовския, и почали им говорить по-литовски: не утекайте-де!».

У канцы XVII ст. наймя беларуская (а ня польская) мова заставалася моваю дыпляматычнага ліставаньня між Масквой і Варшавай[34]. Напрыклад, калі ў сярэдзіне XVII ст. каронныя дыпляматы паспрабавалі перайсьці на польскую мову ў ліставаньні з Масквою, то маскоўскія дыпляматы абурыліся і запатрабавалі пісаць як раней, «письмом литовским».

У канцы XVIII ст., ужо за часамі расейскага панаваньня, беларуская мова працягвала называцца «літоўскай». Гэтак, нават адданы цэсарыцы Кацярыне ІІ праваслаўны ўладыка В. Садкоўскі пагражаў беларускім сьвятарам на слуцкім эпархіяльным зборы: «Я вас скорэню, знішчу, штоб і языка не было вашого проклятого літовского і вас саміх; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону пановажу!»[28].

Балцкая (неславянская) літоўская мова

Асабісты сакратар караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча італьянскі гуманіст Філіп Калімах у сваім твору, прысьвечаным жыцьцю кардынала Зьбігнева Алясьніцкага, дае зьвесткі пра звычаі і мову ліцьвінаў: “… хвалілі (Ліцьвіны) лясы, камяні, аддалённыя месцы, азёры і розныя пачвары, асабліва вужаку, які на іх мове завецца Gyvote” (жам. і лет. “зьмяя”)[k].

У Хроніцы ўсяго сьвету, выдадзенай Марцінам Бельскім у 1564 годзе, паведамляецца.

Зь літоўскай мовай мы ўсе добра знаёмы, а як гавораць, быццам яна падобная на лацінскую. Мне так не здаецца, як у гэтых словах убачыш „Superatus hodie astus demonis, cum ipse sit cum suis demonibus ambiciosus“ — „Isgaleta Jauesti Kitristas velino / Kuri saua sutrine Lampse velina“[l].

Перайменаваньне ліцьвінаў у «беларусаў»

Упершыню назва «беларусы» ў дачыненьні да ліцьвінаў выкарыстоўваецца ў XVII ст. у час войнаў Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, у запісах маскоўскіх вайсковых пісараў, дзеля азначэньня праваслаўнага вызнаньня тых палонных ліцьвінаў і ўкраінцаў, якія былі праваслаўнымі (у адрозьненьне ад ліцьвінаў-каталікоў), напрыклад: «литвин белорусец Ошмянского повету», «литовка беларуска Мстиславского повету», «литвин белоруские веры»[21] («руская, беларуская вера» = праваслаўе) і г. д.[35].

Палонныя шляхцічы-літвіны называлі сябе вылучна “літвінамі”, напр.: «литвин Корнейко Круковской, уроженец Оршанского повету, шляхтич белоруские веры»). Сваю зямлю палонныя літоўскія (беларускія) шляхціцы таксама называлі Літвою. А. Латышонак прыйшоў да высновы:

«Сьвядомае ужываньне назвы „беларусец“ непісьменнымі сялянамі і прадстаўнікамі гарадскога плебсу ў сытуацыі, калі гэтае найменьне невядома шляхце, я лічу немагчымым. Выснова з гэтага можа быць толькі адна: слова „беларусец“ ва ўсіх выпадках уклалі ў вусны прышэльцаў маскоўскія чыноўнікі»[35].

Менскі ігумен Антоній у 1846 г. пачынае сваю кніжку пра гісторыю Тураўскае епархіі наступнымі словамі:

« Какъ ни беденъ видъ теперешняго Турова, но все-таки память о Турове, какъ колыбели православия въ Литве, священна для всякого руссо-литвина»[36] »

Таксама адгукнуліся на сьвядомасьці ліцьвінаў-беларусаў наступствы палянізацыі. Так, шматлікія беларусы называлі сябе палякамі, хоць зямлю сваю Літвой і мову літоўскаю.

«Іншая цяжкасьць паходзіць ад таго, што на мясцовай мове, а тым больш на польскай, нярэдка зьмешваюцца назвы «Беларусь» і «Літва», беларуская мова й літоўская[m], то бок па старадаўняй памяці пра тыя часы, калі Беларусь і Літва ўяўлялі сабою адно цэлае, усё беларускае называлася літоўскім. Спытаеце, вы напрыклад, якую-небудзь мяшчанку, хто яна такая? – Polka, адкажа яна вам. – Адкуль родам? – Z Litwy. Як гавораць дома? – Po litewsku. Між тым пры адшуканьні больш дакладных зьвестак аказваецца, што ні сама яна, ні яе родныя ні слова не разумеюць па-літоўску[m], а гавораць выключна па-беларуску. («літоўцамі» »[37].

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. вылучалася адрозненьне паміж літоўцамі і жамойтамі. У артыкуле "Цікавае выступленьне" Антон Луцкевіч цытуе прамову ксяндза Міхала Далецкага на інгрэсе жамойцкага біскупа Францішка Карэвіча (жамойцкае пераймаваньне: Пранцішкуса Каравічуса). Ксёндз казаў:

«У склад нашай дыяцэзіі ўходзіць, апрыч жмудзінаў і літоўцаў, значнае чысло і другіх народнасьцяў...»[38]

У той жа час жыхарства Жамойці (большай часткі сучаснай Летувы) «літвінамі» (альбо «літоўцамі») сябе не называла нават у 19 стагодзьдзі. У навуковым выданьні «Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею», выдадзеным у 1899 г., у перадмове чытаем агляд аўтарам Ковенскае губерніі (Ковенская губернія займала тады ўсю тэрыторыю сучаснае Летувы на поўнач ад Коўні): «Ковенская губернія ўся амаль заселена карэннымі літоўцамі, якія край свой называюць Жмудзь, а сябе жмогусамі»[39].

Сучаснасьць

Ужываньне

У частковым ужытку найменьне «літвін» працягвае існаваць як саманазва вясковага жыхарства і ў цяперашні час. У 1990 годзе часопіс «Савецкая этнаграфія» падаваў зьвесткі:

«Як мікраэтнонім, найменне „літвіны“ існавала і працягвае існаваць сярод некаторых мясцовых групаў беларускага і асіміляванага балцкага жыхарства заходніх раёнаў Беларусі і Ўсходняй Летувы»[40].

У працы 1985 году, у якой адлюстраваны рэаліі 1980-х гадоў, І. Чаквін пісаў:

«У гісторыка-этнаграфічнай вобласьці беларуска-ўкраінскага Палесься арэал распаўсюджваньня назвы палешукі не складае суцэльнага масіву. Асноўнай этнанімічнай формай, якая часьцей за ўсё чаргуецца на Палесьсі з назвай палешукі зьяўляецца этнікон ліцьвіны. Паводле зьвестак Л. Асоўскага (на 30-я гады ХХ ст.) назва ліцьвіны была лакалізавана ў Заходнім Палесьсі ў вярхоўях Ясельды і ў раёне Ружан, Косава, Івацэвіч. З гэтай вобласьці, мяркуючы па прыведзенай ім карце, арэал назвы ліцьвіны распаўсюджваўся на поўдзень да Лунінца. На Прыпяцкім правабярэжжы гэты арэал ішоў ад Давыд-Гарадка на Столін і далей у двух напрамках — на Ракітнае і на Кастопаль. (…) Арэальнае існаваньне на Палесьсі формы ліцьвіны таксама носіць контурны малюнак, калі адпаведная этнанімічная самасьвядомасьць найбольш выразна выступае ў паўзьмежных зонах кантакціраваньня непасрэдна з палешукамі, а ўнутры гэтых зон аслаблена і часткова дыферэнцыравана. Так, у радзе палескіх абласьцей, дзе распаўсюджана назва ліцьвіны, яна часта дапаўняецца азначэньнямі, якія падкрэсьліваюць асобныя асаблівасьці гаворак — ліцьвіны-хацюны (паміж Століным і Ракітным, а таксама паміж Косавам і Лунінцом), літвакі-калыбанюкі (паміж Століным і Кастопалем), іх антрапалягічныя рысы і спэцыфіку месца існаваньня — ліцьвіны-чарнякі (Пружанскі раён), парэчукі (Пагарыньне) і г. д.»[3].

А. Пракапчук, аўтар часопісу «Самиздат», у 2009 г. пісаў:

Літвою гэты край называўся амаль тысячу гадоў, усутыч да 19 стагодзьдзя, а назва народу — «літвіны» захоўвалася і пасьля Другой сусьветнай вайны, што я нават памятаю па сваіх летніх вакацыях у вёсцы Цытва[4] (Менская вобласьць), дзе зацята працягвалі менаваць сябе «літвінамі» аднавяскоўцы маёй бабулі Эміліі.[41]

Грамадзкая дзейнасьць

20 траўня 2000 году група беларускіх грамадзян (у асноўным гісторыкі, паэты, пісьменьнікі, музыкі) правялі зьезд, на якім быў падпісаны акт узнаўленьня нацыі ліцьвінаў.

За мяжой

У час правядзеньня сьпісаньня жыхарства Расеі 2002 году тыя, хто сябе называў ліцьвінам, былі разьмеркаваныя наступным чынам: аўкштоты, жамойты, летувнік (і), летувяй, а таксама тыя ліцьвіны і літвякі/літвакі, якія ўжываюць летувіскую мову, былі аднесеныя да летувісаў; засталыя ліцьвіны і літвякі/літвакі былі аднесеныя да беларусаў[42].

Міленіюм Літвы

22 студзеня 2009 году ў Беларусі створаны грамадзкі аргкамітэт імпрэзы 1000-годзьдзі назвы Літва пад старшынствам доктара гістарычных навук прафэсара Анатоля Грыцкевіча. У аргкамітэт «Міленіюм Літвы» ўвайшлі пісьменьніца Вольга Іпатава, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, доктар мэдыцынскіх навук Алесь Астроўскі, доктар біялягічных навук Аляксей Мікуліч, археоляг Эдвард Зайкоўскі, мастак і грамадзкі дзяяч Аляксей Марачкін, сьвятар Леанід Акаловіч і дасьледнік Зьдзіслаў Сіцько.

У звароце аргкамітэта паведамляецца, што першае згадваньне назвы Літва (Lituae) у пісьмовых крыніцах — нямецкіх Квэдлінбурскіх аналах — адносіцца да 1009 году. Аўтары звароту адзначаюць, што назва Літва адносіцца да старажытнай тэрыторыі Беларусі, а цяперашнія беларусы да пачатку XX стагодзьдзя называлі сябе ліцьвінамі.

«Тэрміны Беларусь і беларусы навязаныя нам расейскай адміністрацыяй у сярэдзіне XIX стагодзьдзя. Беларусь зьяўляецца галоўнай пераемніцай Вялікага Княства Літоўскага. Нашы землі складалі вялікую частку ВКЛ. Менавіта на нашых землях і паўстала вялікая дзяржава ВКЛ, аб’ядналая ў XV стагодзьдзі асобныя княствы-землі, у тым ліку Наваградзкае, Полацкае, Смаленскае, Турава-Пінскае і Гарадзенскае», — гаворыцца ў звароце.[43]

Цытаты

« Паводле старажытнага звычаю, вайсковая выправа ёсць абавязкам кожнага мужчыны, які можа несьці зброю. Дзеля такой мэты, дзеля выгнаньня ворагаў з нашай Літоўскай зямлі, ладзіцца паспалітае рушэньне, якое па-народнаму завецца «пагоня» (pogonia). »

—З прывілею вялікага князя літоўскага Ягайлы, 20.2.1387.


« Аб размнажэнні веры хрысьціянскай у Літве праз Ягайла года Гасподняга 1387 ... Сам іх кароль вучыў веры і малітве Панскай, сам ім даводзіў марнасьць іх паганскай модлы. Tewe musu, kuris esi dangius сам ім тлумачыў.. »

—Мацей Стрыйкоўскі "Аб пачатках і вывадах слаўнага народа літоўскага" 1578[44].


« Літва месьціцца на ўсход ад Польшчы. Мова народу — славянская. (Lituania et ipsa late patents regio Polonis ad orientem connexa est… Sermo gentis Sclavonicus est). »

Энэй Сыльвій Пікаляміні, 1440-я гг.


« Кажам заўжды «літоўскі, літвін» — але тое адно замест «беларускі, беларус», бо ў 1510 годзе ніхто яшчэ «Літву этнічную» і ня сьніў, яшчэ Рэй у 1562 г. літвіном менаваў беларуса, а ў Маскве і ў 17 стагодзьдзі «літоўскі» — тое самае што беларускі. »

—Аляксандар Брукнэр[45].


« …не обчым яким языком, але своим власным права списаные маем. »

Літоўскі Статут, 1588 г.


« Петель: Чэски і Руски когут. Валынски певень. Литовски петух. »

—Слоўнік Памвы Бярынды, 1627 г.


« У афіцыйных дакумэнтах XVI-XVIII стагодзьдзяў, апроч «Літвы», для ўсяе тэрыторыі Беларусі другога найменьня наагул не існавала, і ўвесь народ называлі Літвою. У нашай жа гістарычнай літаратуры да цяперашнага часу ігнаруюць гэтае найменьне народу, якое ён насіў больш чым 500 гадоў. »

Я. Юхо, гісторык права, доктар навук[46].

Глядзіце таксама

Заўвагі

  1. ^ Mindovve, Dei gracia rex Litwinorum. — Крыніцы: Liv-, Esth-, und Curlandisches Urkundenbuch nebst Regesten / Hrsg. von F.G von Bunge. [Abt. 1 ] Reval, Riga. Bd. I. 1853. sp. 462, nr. 363
  2. ^ Лукаў(pl) месьціцца за 70 км на захад ад Берасьця
  3. ^ Зь ліста Літоўскага мітрапаліта Кіпрыяна з 23 чэрвеня 1378 году: «Патриарха литвином назвали, царя тако же». — Крыніца: Памятники древнерусского канонического права, I. Русская историческая библиотека, VI, СПб., 1880. Стлб. 185.
  4. ^ Патриаршая или Никоновская летопись // ПСРЛ. Т. 35. — М., 1980. С. 139.
  5. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М.: Наука, 1975. С. 78.
  6. ^ Codex epistolaris Vitoldi. P. 103.
  7. ^ «Lituania et ipsa late patents regio Polonis ad orlentem connexa est… Sermo gentis Sclavonicus est» — Крыніца: Pii II Pontificis Maximi Historia Rerum ubique Gestarum cum Locorum descriptione. Parrhisiis, 1509. P. 109v—110.
  8. ^ «Post Poloniam Lituania est spaciola quoque tellus verum paludibos sylvisque plurimum obducta… Lingua utuntur Sclavonica». — Крыніца: Jo. Coclei Norici Decastichon. In librum. Norinburgae, 1511, pp.Kv-K II — Inkunabel. Gymnasial Bibliothek zu Koeln, GB XI 490b, Panzer VII, 451, 86.
  9. ^ «Lithunia est Poloniae ad ortum connexa noningentorum millium passuum circuitu magna sui parte palustris plurimumque nemorosa… Sermo gentis, ut Polonis, Sclavonicus, hie enim sermo, quern latissime patet, ac plurimis quidem gentibus communis est…». — Крыніца: Omnium Gentium Mores, Leges et Ritus. Ex mulris clarissimis rerum scriptoribus a Joanne Boemo Aubano Teutonico nuper collecti et novissime recogniti. Antverpiae, 1538, pp.80v-81
  10. ^ «Questi Moscoviti parlano la lingua Schiavona, et scrivono nella stessa, siccome i Dalmatini, Bohemi, Polacchi et Lithuani…» — Крыніца: Historica Russiae Monumenta, ex antiquis exterarum gentium archivis et bibliothecis depromta ab A. J. Turgenevio, T. I. Nr. 135. — Petropoli, 1841. P. 149.
  11. ^ Litifani … ante omnia serpentem, quem Gyvotem lingua sua dicunt — Крыніца: Callimachus Buonacorsi P. Vita et mores Sbignei Cardinalis // Pomniki dziejowe Polski. Warszawa, 1961. T. 6. P. 245]
  12. ^ Litewskiey mowy świadomismy wszyscy a iako powiedzaią żeby się zgadzała z Łacińską niezda mi się iako w tych słowiech obaczysz „Superatus hodie astus demonis, cum ipse sit cum suis demonibus ambiciosus“ „Isgaleta Jauesti Kitristas velino / Kuri saua sutrine Lampse velina“ — Kronika wszystkyego swyata. Wyd. 1564. S. 438.
  13. ^ а б Тут — у сэнсе «летувіская»

Крыніцы

  1. ^ Чаквін І. Да пытання аб этнічнай самасвядомасці беларусаў у часы Скарыны // Спадчына Скарыны. Зборнік матэрыялаў першых скарынаўскіх чытанняў (1986). — Менск, 1989.
  2. ^ Краўцэвіч А.. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. — Менск 2014.
  3. ^ а б Чаквін І. У. Гістарычная этнаніміка Палесся // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. — Серыя грамадскіх навук. 1985. № 4. С. 79—80.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  5. ^ Monumenta reformationis Polonicae et Lithuaniae: Zbiór pomników reformacji kościoła polskiego i litewskiego. — Wilno, 1925. S. 20-27.
  6. ^ Regesta Lithuaniae ab origine usque ad Magni Ducatus cum Regno Poloniae unionem. T. I. — Varsaviae, 1930. №13.
  7. ^ Тихомиров М. Н. Малоизвестные летописные памятники // Исторический архив. Т. VІІ, 1951. С. 209.
  8. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. — Беласток, 2008. С. 95-101.
  9. ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. — Беласток, 2008. С. 95, 123.
  10. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. С. 60.
  11. ^ Жлутка А. Міндаў, кароль Летовіі. — Менск, 2001. С. 43.
  12. ^ Prussische Urkundenbuch. T. 1. H. 2. — Konigsberg, 1909. № 4.
  13. ^ Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М.: Ладомир, 1997.
  14. ^ Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М.: Ладомир, 1997. Гл. 260.
  15. ^ Baronas D. Trys Vilniaus kankiniai: gyvenimas ir istorija. — Vilnius, 2000. S. 252, 268, 278, 286.
  16. ^ [1]
  17. ^ J. Fijałek. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków etc.: Gebethner i Wolff, 1914. S. 152—158.
  18. ^ Гудавичус Э. История Литвы с древнейших времён до 1569 г. Т. 1. — Москва: Baltrus, 2005.
  19. ^ Латышонак А. Студэнты зь Вялікага Княства Літоўскага перад рэктарскім судам Кракаўскага ўнівэрсытэту ў 1469—1536 гг. // ARCHE. № 6 (57), 2007.
  20. ^ Трещенок Я. И. История Беларуси. Т. 1. — Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова. 2004. С. 114.
  21. ^ а б в Насевіч В. Літвіны // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 206—208.
  22. ^ Literatura słowiańska wykładana w Kolegium francuzkiem przez Adama Mickiewicza / Adam Mickiewicz, Feliks Wrotnowski. Nakł. Księgarni Jana Konstantego Żupańskiego, 1865. S. 171, 178. [2]
  23. ^ Дунін-Марцінкевіч В. Збор твораў. — Мн., 1958. С. 362.
  24. ^ Лясковіч С.. Да пытаньня нацыянальнага самавызначэньня Ігната Дамейкі // «Лідскі летапісец». № 19.
  25. ^ Лашкевіч К. Як TUTэйшыя зьмянялі сьвет. Ліцьвінскі элін — герой Грэцыі // TUT.BY, 2 красавіка 2009 г.
  26. ^ Герасімчык В. Ненадрукаваны нумар “Мужыцкай праўды” // «Народная Воля», 19 чэрвеня 2018 г.
  27. ^ Герасімчык В. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна, 2018.
  28. ^ а б в Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «ВЫ». Выпуск 2. Менск, 1994.
  29. ^ Станкевіч Я. Язык і языкаведа. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. С. 854.
  30. ^ Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3: Карчма — Найгрыш. С. 287.
  31. ^ Латышонак А. Нацыянальнасць — Беларус. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. С. 86.
  32. ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. С. 40.
  33. ^ Herberstein. Rerum Moscoviticarum. Unveraenderter Nachdruck. Minerva GMBH. Frankfurt a. M., 1964, p.2, s. 109—114; Сигизмунд Герберштейн. Записки о Московии. — М.: МГУ. 1988.
  34. ^ [3]
  35. ^ а б Латышонак А. Нацыянальнасць — Беларус. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. С. 212—213.
  36. ^ Воспоминание о древнем православии Западной Руси. — Репринт. изд. — Мн.: Белорусский экзархат Московской патриархии, 1990.
  37. ^ Н. Янчукъ ”По Минской губерніи (замѣтки изъ поѣздки въ 1886 году)” Москва, 1889
  38. ^ Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. — Вільня; Беласток, 2009. С. 134
  39. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею // Акты Упитского гродского суда. — Вильна, 1899.
  40. ^ И. В. Чаквин, П. В. Терешкович. Из истории становления национального самосознания белорусов (XIV — начало XX вв.). // Советская этнография. 1990. № 6.
  41. ^ Прокопчук Артур Андреевич. Беларусь литовская
  42. ^ 1. Национальный состав населения на www.perepis2002.ru
  43. ^ Марат Гаравы. Створаны грамадзкі аргкамітэт сьвяткаваньня 1000-годзьдзя назвы Літва пад старшынствам прафэсара Анатоля Грыцкевіча // БелаПАН, 22 студзеня 2009 г. Праверана 14 кастрычніка 2014 г.
  44. ^ "O rozmnożeniu wiary chrześciańskiej przez Jagieła roku Pańskiego 1387 ..Sam ich król uczył wiary i Modlitwy Pańskiej, sam im rozwodził próżność ich modły pogańskiej. Tewe musu, kuris esi dangius, sam tłumaczył" Maciej Stryjkowski, O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego…, oprac. Julia Radziszewska, PIW, Warszawa 1978, s. 312
  45. ^ «Rusko-Polski rekopis roku 1510» // Slavia: casopis pro slovanskou filologii.
  46. ^ Юхо Я. Пра назву «Беларусь» // Полымя. №1, 1968. С. 175—182.

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg Ліцьвінысховішча мультымэдыйных матэрыялаў

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.