Наша Ніва

(Перанакіравана з «Наша ніва»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Наша Ніва
Тып штотыднёвік (серада)
Фармат А3, 16 палосаў
Выдавец ПВУП «Суродзічы»
Галоўны рэдактар Ягор Марціновіч
Заснаваная 1906 г., адноўленая ў 1991 г.
Мова беларуская
Наклад 8051 (№11 (800), 20 сакавіка 2013)
ISSN 1819-1614
Афіцыйны сайт www.nn.by
Рэгістрацыйныя дадзеныя Пасьведчаньне аб рэгістрацыі №581 ад 14 сакавіка 2007 году, выдадзенае Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь

«Наша Ніва» — беларускамоўны штотыднёвік у Менску, які спачатку выдаваўся ў Вільні ў 1906—1915, 1920 і з 1991 году.

Утварэньне

Газэта «Наша Ніва» была ўтвораная ў 1906 годзе, і спачатку фактычна была органам Беларускае сацыялістычнае грамады.

Думка пра стварэньне беларускай газэты ўзьнікла ў сяброў БСГ ў канцы лета 1906 году, калі партыя знаходзілася на нелегальным становішчы і ёй неабходна было пачаць легальную справу. 1 верасьня 1906 году ў Вільні выйшаў пілётны нумар першае беларускае газэты «Наша доля». Зь пяці выдадзеных нумароў «Нашай долі» чатыры былі канфіскаваныя ўладамі Расейскай імпэрыі. За «заклік да ўзброенага паўстаньня для перамены дзяржаўнага ладу» Віленская судовая палата пастанавіла «выданьне газэты „Наша доля“ забараніць назаўсёды», а рэдактара газэты пакараць адным годам турэмнага зьняволеньня. Тым ня менш, ужо празь месяц (паводле некаторых зьвестак — нават яшчэ ў час выданьня «Нашай долі») удалося пачаць выпуск другой беларускай газэты.

Праект аздобы «Нашай Нівы» Язэпа Драздовіча

«Наша Ніва» пачала выходзіць 10 (23) лістапада 1906 году[1]. Выдаўцамі газэты лічыліся прыватныя асобы, бо БСГ дагэтуль знаходзілася на нелегальным становішчы. Першым выдаўцом і рэдактарам быў Аляксандар Уласаў. Адным з ідэолягаў выданьня — Іван Луцкевіч, стваральнік славутага віленскага Беларускага музэю і фундатар шматлікіх палітычных і культурных праектаў. Побач зь ім працаваў ягоны брат, ідэоляг Беларускай сацыялістычнай грамады Антон Луцкевіч. З 1909 году сакратаром газэты, а ў 1912—1913 гадох фактычным яе рэдактарам стаў Вацлаў Ластоўскі. З «Нашай Нівай» супрацоўнічаў клясык літаратуры Якуб Колас. Максім Багдановіч і Зьмітрок Бядуля таксама дэбютавалі ў «Нашай Ніве». А славуты нацыянальны паэт Янка Купала ў лютым 1914 году стаў яе рэдактарам і кіраваў газэтай да восені 1915 году[1].

«Наша Ніва» №1, 1911 г.

Газэта была разьлічаная пераважна на вясковага чытача і нацыянальную інтэлігенцыю. Галоўнае месца ў ёй адводзілася матэрыялам, якія прысьвячаліся актуальнаму жыцьцю Беларусі, падзеям у жыцьці беларускага нацыянальнага руху. Яе выданьне суправаджалася рэнэсансам інтэлектуальнага жыцьця, у ёй друкавалася цэлая пляяда пісьменьнікаў, якія сталі клясыкамі беларускай літаратуры — сярод іх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.

Перашкоды з боку расейскіх уладаў

З самага пачатку існаваньня «Нашай Нівы» расейскія ўлады пільна сачылі за яе зьместам. Існавалі адмысловыя органы, якія кантралявалі выданьне газэт і кнігаў, нацыянальным выданьням надавалася асаблівая ўвага. У Вільні гэтым займаўся Віленскі цэнзурны камітэт. У 1906 годзе характарыстыка «Нашай Нівы» зьмяшчаецца ў спэцыяльным дакумэнце, складзеным цэнзурным камітэтам па патрабаваньні ахоўчага аддзяленьня паліцыі. Дакумэнт апісвае і іншыя газеты, якія выходзілі тады ў Вільні (іх было 57). «43. „Наша Ніва“. Спачатку крыху больш памяркоўная, чым „Наша доля“, стала затым зьмяшчаць артыкулы бунтоўнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі»[2].

У першай палове 1907 году на старонках «Нашай Нівы» зьявіліся матэрыялы «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зэляндыі» ды іншыя, на якія адразу зьвярнула ўвагу цэнзура і палічыла іх небясьпечнымі для існуючага дзяржаўнага ладу. На два нумары газэты быў накладзены арышт.

Рэдакцыя Нашай Нівы на вуліцы Завальнай у Вільні, 1907 г.

За рэдакцыяй газэты, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага жыцьця і сходаў нацыянальна сьвядомай інтэлігенцыі, вялося сталае сачэньне паліцыяй. Акрамя таго, сачэньне вялося з дапамогай паштовай службы і нават Праваслаўнай царквы.

Актыўную прапагандысцкую кампанію супраць беларускага руху і газэты вялі афіцыйныя расейскія каляніяльныя выданьні «Виленский вестник», «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Крестьянин» і іншыя; а таксама сталічныя выданьні «Окраины России», «Россия» і «Новое время».

Закрыцьцё газэты

У 1914 годзе пачалася Першая сусьветная вайна. Ва ўмовах ваеннага становішча і жорсткай цэнзуры «Наша Ніва» хоць і заняла ў адносінах да вайны варожую пазыцыю, але вымушана была плаціць ваенныя падаткі і адмовіцца ад прапаганды ідэі беларускай дзяржаўнасьці. Тым ня менш, амаль кожны нумар у выніку дзеяньняў расейскай ваеннай цэнзуры выходзіў з купюрамі. За публікацыю антыўрадавых матэрыялаў асобыя нумары «Нашай Нівы» працягваліся канфіскоўвацца. На яе забаранялася падпісвацца настаўнікам і вучням Віленскай навучальнай акругі, паштовым, вайсковым і іншым чынам. Рэзка пагоршыліся фінансавыя ўмовы газэты.

Шмат беларусаў былі мабілізаваныя ў армію, сярод іх і супрацоўнікі «Нашай Нівы». Шмат падпісчыкаў былі адрэзаныя фронтам, які няўхільна набліжаўся да Вільні. Выданьне газэты ў такіх умовах станавілася немагчымым.

7 жніўня 1915 году выйшаў апошні нумар штотыднёвіка з подпісам Янкі Купалы. У верасьні нямецкія войскі акупавалі Вільню.

Пэрыяд паміж закрыцьцём і адраджэньнем

Газэта не была адноўленая ані ў час існаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ані падчас існаваньня БССР.

У 1920 годзе была спроба адрадзіць газэту ў Вільні. У пэрыяд з 28 кастрычніка па 20 сьнежня 1920 году выйшла 9 нумароў. Газэта асьвятляла падзеі, зьвязаныя з акупацыяй Беларусі польскімі войскамі і падрыхтоўкай яе падзелу між суседнімі дзяржавамі. Шмат увагі зьвярталася на палітычную будучыню Беларусі, на неад’емнасьць права беларусаў на ўласную сувэрэнную дзяржаву. Пісалася пра стварэньне Сярэдняй Літвы. Нэгатыўна выказвалася пра дзеяньні Булак-Балаховіча. Газэта была забароненая польскай вайсковай цэнзурай.

Насуперак абвінавачваньням у рэвалюцыйнасьці, якія гучалі з боку расейскай улады да Рэвалюцыі 1917 году і нягледзячы на яскрава сацыялістычную накіраванасьць газэты, за часамі СССР «Наша Ніва» ў прапагандзе атрымала азначэньне, як «контррэвалюцыйнае», «лібэральна-буржуазнае», «нацыяналістычнае» выданьне. Упершыню гэта было зроблена падчас спэцыяльнай дыскусіі аб «Нашай Ніве» на пасяджэньні Таварыства гісторыкаў-марксыстаў у 1931 годзе.

Адраджэньне

У часы «перабудовы» на новай хвалі нацыянальнага абуджэньня і адраджэньня пачалі зьяўляцца ініцыятывы рэабілітацыі «Нашай Нівы». Выданьне газэта адрадзілася ў траўні 1991 году ў Вільні. Першым галоўным рэдактарам стаў Сяргей Дубавец.

Адноўленае выданьне заняло выключнае месца сярод іншых беларускіх пэрыёдыкаў. «Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», ад самаізаляцыі, уласьцівых многіх беларускамоўным выданьням савецкае пары. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўнівэрсальныя тэмы, зьявілася вялікая колькасьць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама спадчына Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносінаў народаў рэгіёну.

У Беларусі ішлі складаныя працэсы будаўніцтва нацыі. Узяла верх аўтарытарная мадэль. Час патрабаваў стварэньня паўнавартых СМІ. Таму ў 1996 годзе рэдакцыю газэты пастанавілі перанесьці ў Менск. «Наша Ніва» зноў стала ўласна газэтаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і сьвеце.

Супраць «Нашай Нівы» была ўзбуджаная справа ў сувязі з выкарыстаньнем газэтай клясычнага правапісу, не прызнаванага афіцыйна. У 1998 годзе газэта дабіваваецца сымбалічнае перамогі ў Найвышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы права выдавацца клясычным правапісам.

Ад 2000 году рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераняў Андрэй Дынько (галоўны рэдактар у 2000—2006 гадох), газэта вяртаецца да штотыднёвае пэрыядычнасьці. Адбываецца трансфармацыя «Нашай Нівы» з выданьня літаратурна-інтэлектуальнага ў выданьне грамадзка-палітычна-культурнага характару. Гэты працэс быў паступовым.

Ад 2002 году аб’ём газэты павялічваецца з 12 да 16 старонак, ад 2005 году — да 24-х. На сваім піку тыраж газэты дасягае 8000 асобнікаў.

У лістападзе 2005 году «Наша Ніва», разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданьняў, была выдаленая з падпіснога каталёгу РУП «Белпошта»[3]. З таго часу газэта вымушаная распаўсюджвацца самастойна, сродкамі энтузіястаў, пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасьць старонак да 48-мі. У 2006 годзе ў некалькіх гарадах Беларусі прайшоў шэраг флэшмобаў у падтрымку «Нашай Нівы».

Але газэта ператварае праблему ў шанец і бярэ курс на разьвіцьцё інтэрнэт-сайту nn.by. Ад 2006 году інтэрнэт-вэрсія «Наша Ніва» эвалюцыянуе ў фармат інтэрнэт-плятформы, прыстасоўваючы тэхналёгію выданьня да эпохі электронных СМІ. У 2010 годзе сайт «Нашай Нівы» робіцца самым папулярным рэсурсам на беларускай мове і застаецца такім да сёньняшняга дня. Паводле статыстыкі Гугл Аналітыкс у 2016—2017 гадох у сярэднім штомесяц сайт НН заходзіць каля 600 000 унікальных наведнікаў, праглядаючы каля 7 000 000 старонак. Прыкладна 84% наведнікаў — зь Беларусі, 49% — зь Менску.

З 2006 году да рэдактарства газэты далучаецца Андрэй Скурко. Андрэй Дынько робіцца рэдактарам сайту nn.by. А Алесь Кудрыцкі стварае сэрвіс NNVideo. У 2011 годзе рэдактарам папяровага тыднёвіка робіцца Зьміцер Панкавец.

У канцы лістапада 2008 году зьявілася інфармацыя пра тое, што, магчыма, у хуткім часе газэта «Наша Ніва» вернецца ў дзяржаўную сетку распаўсюджваньня і падпісныя каталёгі «Белпошты»[4]. 4 сьнежня 2008 году газэта зьявілася ў вольным продажы. Тыднёвік упершыню надрукаваны ў колеры. Пачынаючы ад гэтага нумару, «Наша Ніва» выходзіць афіцыйным правапісам (школьным — як пазначыла сама рэдакцыя газэты). Наклад першага «афіцыйнага» нумару (45 за 2008 год) вырас ў 2,5 разы: да 5200 асобнікаў у параўнаньні з накладам у 2200 асобнікаў папярэдняга нумару 44 за 2008 год. Да забароны ў канцы 2005 году наклад газэты складаў 3200 асобнікаў[5]. Да 1 студзеня 2009 году гэтая лічба вырасла да 6000[6].

Ад аднаўленьня ў 1991 годзе і да № 595 (45) за 4 сьнежня 2008 году «Наша Ніва» друкавалася клясычным правапісам. Аднак, на сайце газэты перадрук паведамленьняў беларускіх інфармацыйных агенцтваў і артыкулаў зь іншых беларускамоўных выданьняў афіцыйным правапісам разьмяшчаўся і раней. Выкарыстаньне газэтай клясычнага правапісу стала падставай для дыскусіяў як сярод аўтараў НН, так і сярод чытачоў інтэрнэт-версіі газэты ў сувязі з абавязковым пераводам выданьня з 1 верасьня 2010 году на афіцыйны правапіс згодна з Законам аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі. У 2007 годзе заснавальнік газэты і першы яе рэдактар Сяргей Дубавец прызнаў ранейшую правільнасьць, але далейшую беспэрспэктыўнасьць выбару газэты на карысьць клясычнага правапісу.

Ад 1 ліпеня 2016 году «Наша Ніва» выходзіць у фармаце штомесячніка на 24 старонках, галоўная ўвага надаецца разьвіцьцю інтэрнэт-партала. Навіны на сайце даступны ў двух вэрсіях (на беларускай і расейскай мовах). З 1 сакавіка 2017 году, замест Андрэя Скурко, на пасаду галоўнага рэдактара Нашай Нівы заступае Ягор Марціновіч.

6 чэрвеня 2018 году рэдакцыя абвесьціла пра выхад апошняга папяровага нумару выданьня і пераход цалкам у электронны фармат. "«Наша Ніва» паказала ўсім прыклад, як адаптавацца да новай эпохі. У маі 2018 году NN.BY наведалі 475 тысячаў карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 мільёна старонак. А бываюць месяцы значных падзей, і тады лічбы большыя нават удвая. Гэта непараўнальна з аўдыторыяй папяровай газэты. У далейшым друкаваньні яе не засталося практычнага сэнсу. Хоць, здаючы апошні выпуск, мы з настальгіяй і захапленьнем разглядвалі нашы старыя першыя палосы"[7].

Крытыка

У 2009 г. першы галоўны рэдактар адноўленай у 1991 г. газэты Сяргей Дубавец адзначыў, што тагачасная рэдакцыя выданьня (гал.рэд. Андрэй Скурко) займалася «прапагандай гомасэксуалізму»[8].

У сьнежні 2017 г. Наша Ніва згадвалася сярод незалежных СМІ, якія, як высьветлілася, выдялілі з сваіх сайтаў старыя паведамленьні пра арышт бізнэсоўца Віктара Пракапені ў 2015 годзе. Выдаленьні адбываліся пасьля таго, як да гэтых СМІ зьвярталіся прадстаўнікі В. Пракапені. Сытуацыя выклікала актыўнае абмеркаваньне ў беларускіх мэдыя і сярод журналісцкай супольнасьці.[9][10][11][12]

Факсымільныя выданьні

Факсымільныя выданьні нумароў газэты за 1906—1911 гады выйшлі ў выдавецтвах «Навука і тэхніка» (1992, выпуск 1: 1906—1908, наклад — 3000 асобнікаў), «Беларуская навука» (1996, выпуск 2: 1909, наклад — 1000 асобнікаў), «Тэхналёгія» (у 1999 годзе выпуск 3: 1910 і ў 2003 — выпуск 4: 1911, накладам па 1000 асобнікаў кожны)[13].

Крыніцы

  1. ^ а б Пра газэту «Наша Ніва»
  2. ^ Смолкін М. Плямы царскай цэнзуры // «Полымя», 1966, №3.
  3. ^ Лунёва Л. (15 лістапада 2005) «Наша Ніва» таксама выдаленая з падпіснога каталёгу. Радыё «Свабода»Праверана 26 сакавіка 2013 г.
  4. ^ Улады вяртаюць «НН» і «Народную волю» ў распаўсюд «Наша Ніва»
  5. ^ Наша Ніва №45 ад 4 сьнежня 2008 году. Ад Рэдакцыі
  6. ^ Тыраж штотыднёвіка «Наша Ніва» дасягнуў 6000 ас.
  7. ^ «Нам удалося ўсё»: «Наша Ніва» цалкам пераходзіць у інтэрнэт
  8. ^ Сяргей Дубавец. «Наша Ніва» і гомікі // Беларускія навіны, 4 лютага 2009 г. Праверана 4 траўня 2018 г.
  9. ^ «Пракапеня – герой, які ўскрыў гнайнік». Медыяаналітык распавёў, як заўважыў знікненне матэрыялаў у СМІ пра бізнесоўца, Белсат, 27 сьнежня 2017 г.
  10. ^ «Ніхто нічога страшнага не зрабіў». Рэдактары незалежных СМІ пра выдаленьне матэрыялаў пра Віктара Пракапеню - Алесь Пілецкі, Радыё Свабода, 27 сьнежня 2017 г.
  11. ^ #Прокопенягейт: Социальные сети гудят, независимые медиа говорят "ничего страшного не случилось", Mediakritika.by, 27 сьнежня 2017 г.
  12. ^ Цензура Прокопени. Кто и почему скрывает от нас правду? Ольга Жерносек, Белсат, 27 сьнежня 2017 г.
  13. ^ Калекцыя газэты «Наша Ніва» ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg Наша Нівасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.