Першая Ўстаўная грамата

Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Устаўная грамата
«Да народаў Беларусі»
Нумар: 1
Прыняцьце: 21 лютага 1918 (101 год таму)
Ухваленьне: Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду
Падпісаньне: Язэп Варонка
Уступ у сілу: 21 лютага 1918
Поўны тэкст у Вікікрыніцах?

.

Пе́ршая Ўста́ўная гра́мата «Да народаў Беларусі» — юрыдычны й палітычны акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага зьезду 21 лютага 1918 году ў Менску (у колішнім Доме губэрнатара).

Першая Ўстаўная грамата

Гістарычны кантэкст

Імклівы наступ нямецкіх войск, які пачаўся 18 лютага 1918, прымусіў Аблвыканкамзах і СНК Заходняй вобласьці й фронту ў ноч на 19 лютага 1918 эвакуявацца зь Менску ў Смаленск. 3 падпольля выйшаў Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду, з турмы вызваленыя дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду сваім загадам №1 ад 19 лютага абвясьціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзеньне парадку ў Менску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арганізацыя (ПАВ), усклаў на камэнданта гораду, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР Кастуся Езавітава.

Зьмест

21 лютага Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду зьвярнуўся да народаў Беларусі зь Першай Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы… Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». Першая Ўстаўная грамата заклікала беларускі народ зьдзейсьніць сваё права на «поўнае самавызначэньне», а нацыянальныя меншасьці — на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Спасылаючыся на права народаў на самавызначэньне, аўтары граматы сьцьвярджалі, што ўлада ў Беларусі павінна фармавацца згодна з воляю народаў, якія насяляюць краіну. Гэты прынцып мусіць ажыцьцяўляцца шляхам дэмакратычных выбараў ва Ўсебеларускі Ўстаноўчы Сойм.

У гэтым дакумэнце Выканкам абвясьціў пра стварэньне ім 20 лютага ўраду — Народнага Сакратарыяту Беларусі — часовага выканаўчага органа народнай улады ў краі, які 21 лютага пачаў выкананьне сваіх абавязкаў. У склад сакратарыяту ўвайшлі Палута Бадунова, Язэп Варонка (старшыня), Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч[1].

Выканаўчы камітэт Рады I Усебеларускага зьезду абвясьціў сябе часовай уладай на Беларусі. У грамаце ўпершыню не згадвалася пра аўтаномію й неабходнасьць заставацца ў складзе Савецкай Расеі. Яе тэкст на беларускай і расейскай мовах быў расклеены па ўсім Менску[2].

Тэкст дакумэнту змацаваны пячаткай, пасярэдзіне якай выява высокага снапа, а на яго тле перакрыжоўваюцца каса і граблі, а на абадку выгравіравана: НАРОДНЫ СЭКРЭТАРЫЯТ БЕЛАРУСІ[3].

Арыгінал акту мікрафільмаваны, захоўваюцца ў 325-м фондзе Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь[3].

Вынікі

З 21 лютага 1918 году ўлада ў Беларусі апынулася ў руках камандаваньня нямецкай арміі. 22 лютага яна загадала польскім падразьдзяленьням пакінуць Менск, а беларускім — скласьці зброю. Каб не ўскладняць дачыненьні з Расеяй, немцы не прызналі беларускага ўраду, занялі сядзібу Народнага Сакратарыяту, рэквізавалі ягоную маёмасьць, скінулі з будынкаў беларускія нацыянальныя сьцягі й забаранілі ўрадоўцам пакідаць горад. Аднак напрыканцы лютага дайшло да перамоваў паміж Сакратарыятам і нямецкай вайсковай адміністрацыяй, у выніку якіх акупанты прызналі ўрад Варонкі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Немцы дазволілі Сакратарыяту весьці легальную дзейнасьць на тэрыторыі Меншчыны, галоўным чынам у галіне стварэньня мясцовай адміністрацыі, школьніцтва й выдавецкай справы[2]. Наступным крокам было абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.

Глядзіце таксама

Крыніцы й заўвагі

Літаратура

  • БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. ІІ: Рэспубліка Беларусь. Мн., 2004. С. 207.
  • Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. СПб., 2003.

Вонкавыя спасылкі

The article is a derivative under the Creative Commons Attribution-ShareAlike License. A link to the original article can be found here and attribution parties here. By using this site, you agree to the Terms of Use. Gpedia Ⓡ is a registered trademark of the Cyberajah Pty Ltd.